BE RU EN

Мытнікі канфіскавалі «Мэрсэдэс» за 46 тысяч даляраў

  • 1.10.2014, 20:17

Аўтамабіль забралі, таму што ўладальнік «Мэрсэдэса» не змог своечасова прыехаць на мытню праз хваробу.

- Я грамадзянін Беларусі, але маю від на жыхарства ў Францыі. Таму, прыехаўшы ў Беларусь на аўто з французскімі нумарамі, аформіў на яго часовы ўвоз тэрмінам на тры месяцы, - гісторыя, якую распавядае «Камсамольскай праўдзе ў Беларуси» Яўген Кліменка, з самага пачатку здаецца звычайнай.

Паводле закону па заканчэнні трох месяцаў уладальнік самахода павінен альбо вывезці яго з тэрыторыі Мытнага саюза, альбо напісаць заяву аб падаўжэнні тэрмінаў часовага ўвозу. Тэрмін заканчваўся 5 жніўня 2014 года. Але за пяць дзён да «гадзіны ікс» у гісторыю ўмяшаўся выпадак - Яўген моцна застыў, у лякарні ва Ушацкім раёне яму паставілі дыягназ «востры бранхіт» і рэкамендавалі амбулаторнае лячэнне.

- Лячэнне доўжылася 11 дзён, што пацвярджае даведка з лякарні, - прадаўжае Яўген. - Акрамя таго, што я сам захварэў, мой бацька праз працяглую хваробу меў патрэбу ў маёй прысутнасці ў Беларусі. Увогуле, усё неяк навалілася ў адзін момант. Як толькі я адчуў сябе лепш, я прыехаў у Менскую гарадскую мытню, каб патлумачыць сітуацыю і падоўжыць тэрмін часовага ўвозу. Вядома, я разумеў, што дапусціў парушэнне, пратэрмінаваны вываз аўтамабіля на 9 дзён, але спадзяваўся, што мае абставіны будуць улічаныя мытняй і судом.

Супрацоўнікі мытні ўвайшлі ў становішча і прадоўжылі тэрмін часовага ўвозу да 4 траўня 2015 года. Але паколькі парушэнне ўсё ж было, адказнасць Яўген павінен быў панесці.

- Начальнік мытні «Калядзічы» папярэдзіў мяне, што за парушэнне тэрміну часовага ўвозу аўто могуць канфіскаваць, - кажа Яўген. - Але, паводле ягоных слоў, у маім выпадку да гэтага не павінна дайсці: маўляў, пратэрмінаваў усяго на пару дзён, ды і прычына ўважлівая. Але ў выніку Mercedes E-класа 2011 года выпуску ў мяне часова канфіскавалі да пастановы суда, ацаніўшы яго ў 477 млн рублёў.

Слуханне справы адбыўся 11 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска. Суддзя разгледзеў матэрыялы справы і вынес пастанову: спагнаць штраф у суме 750 тысяч рублёў і канфіскаваць аўто:

- Спагнаннем, (...) дастатковым для выхавання асобы, якая ўчыніла правапарушэнне, з'яўляецца штраф з канфіскацыяй транспартнага сродку, - сказана ў пастанове суда. Довады Кліменкі аб тым, што ён не мог своечасова прыехаць на мытню праз хваробу, судом прызнаныя неабгрунтаванымі, бо «гэтая прычына не мае прывязкі да падзеі адміністрацыйнага правапарушэння» - маўляў, Кліменка мог прыйсці ў мытню і да сваёй хваробы. А факт падаўжэння мытняй тэрміну часовага ўвозу не вызваляе Кліменку ад адміністрацыйнай адказнасці.

Уладальнік аўто падаў скаргу на гэтую пастанову ў Менскі гарадскі суд.

Апошнія навіны