BE RU EN

Склады заваленыя, тавары падзець няма куды

  • 1.10.2014, 14:58

Попыт на прадукцыю беларускіх прамысловых прадпрыемстваў знаходзіцца ніжэй прымальнага ўзроўню.

Пра гэта сведчаць звесткі вераснёўскага апытання кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Міністэрства эканомікі.

«У вераснёўскім апытанні перавага негатыўных ацэнак адзначаная ў дачыненні да ўзроўню попыту і вытворчасці. Найбольшая колькасць адказаў «ніжэй нормы» (65%) зафіксаваная пры ацэнцы на момант апытання ўзроўню агульнага аб'ёму попыту. 58% кіраўнікоў так ахарактарызавалі экспартны попыт, а 56% - аб'ёмы выпуску», - гаворыцца ў справаздачы аб выніках апытання прампрадпрыемстваў, паведамляе БелаПАН.

У той жа час аб'ёмы складскіх запасаў перавышаюць нармальны ўзровень. «Найбольшая колькасць адказаў «вышэй за норму» (41%) адзначаная пры ацэнцы аб'ёмаў запасаў гатовай прадукцыі», - канстатуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.

Згодна з вераснёўскімі ацэнкамі, атрыманымі ад кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, бліжэйшым часам «павелічэння агульнага аб'ёму попыту, верагодна, не адбудзецца».

У сувязі з гэтым большасць прамыслоўцаў чакаюць, што эканамічнае становішча іх прадпрыемстваў у бліжэйшай будучыні не зменіцца. Пры гэтым доля тых вытворчых арганізацый, якія прагназуюць пагаршэнне свайго фінансавага становішча, павялічылася.

«Больш за палову апытаных кіраўнікоў (60%) мяркуюць, што ў бліжэйшы месяц эканамічнае становішча іх прадпрыемстваў не зменіцца. Доля негатыўных ацэнак склала 21% і ўпершыню з лютага гэтага года перавысіла долю кіраўнікоў, якія прагназуюць паляпшэнне (18%)», - гаворыцца ў справаздачы.

Звесткі афіцыйнай статыстыкі сведчаць аб тым, што ў гэтым годзе ў Беларусі павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў, а таксама арганізацый, чыя рэнтабельнасць не перавышае 5%. Так, у студзені-ліпені 17,7% арганізацый, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай, былі стратнымі. Для параўнання: у студзені-ліпені мінулага года доля стратных арганізацый у Беларусі складала 12,7%.

Акрамя таго, адбылося павелічэнне ўдзельнай вагі прадпрыемстваў, якія працуюць з мінімальнай (да 5%) рэнтабельнасцю. Калі ў студзені-ліпені мінулага года іх было 43,2%, то за такі ж перыяд гэтага - 44,9%.

Апошнія навіны