BE RU EN

Супраць спецназаўца, які ўцёк, распачалі справу

  • 9.01.2014, 15:19

У дачыненні да салдата, які самавольна пакінуў брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы, распачатая крымінальная справа за крадзеж.

«У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 205 «Крадзеж» Крымінальнага кодэкса Беларусі», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер у праваахоўных органах.

Як паведамляла УУС Менскай вобласці, 22-гадовага спецназаўца Аляксандра Сушчыка, які пакінуў вайсковую частку, затрымала міліцыя пасля званка аб крадзяжы цёплых рэчаў з прыватнага дома.

«Ён быў затрыманы ў Чэрвеньскім раёне ў лесе, пасля таго як была атрыманая інфармацыя аб крадзяжы ў прыватным доме. Уладальнік прыватнага дома паведаміў, што ў яго з дому зніклі цёплыя рэчы, красоўкі, закаткі», - праінфармавалі ва УУС.

«Супрацоўнікі міліцыі выехалі на месца здарэння і па слядах ад дома, дзе адбыўся крадзеж, ішлі, пакуль не затрымалі салдата», - распавялі там.

Ва ўпраўленні адзначылі, што, «паводле папярэдняй інфармацыі, салдат некалькі дзён хадзіў па лесе. Залез у дом, пасля чаго быў заўважаны гаспадаром, які і патэлефанаваў у міліцыю».

«Пры затрыманні ён не аказваў супраціву, паводзіў сябе адэкватна. Зброі пры сабе не меў», - удакладнілі ва УУС.

Зніклага салдата шукалі вайскоўцы і міліцыя з 3 студзеня.

Інфармацыя пра знікненне ноччу 3 студзеня ў Мар'інай Горцы вайскоўца 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Аляксандра Сушчыка, ураджэнца Мазыра, 1992 года нараджэння, з'явілася ў сацсетках. Карыстальнікі сацсетак паведамлялі, што салдат знік, узяўшы з сабой зброю.

Апошнія навіны