BE RU EN

Цэнзура не прапусціла ліст Статкевіча аб Майдане

  • 4.01.2014, 13:56

Палітвязень Мікалай Статкевіч напісаў свайму брату, які жыве ва Украіне, ліст аб Майдане і адносінах Украіны з Расеяй.

Але гэты ліст з турмы ў Магілёве, дзе трымаюць былога кандыдата ў прэзідэнты, так і не высланы.

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч са спасылкай на яго апошні ліст.

«Напісаў у лісце пра Майдан, пра тое, што даслаў ліст брату аб Майдане і пра тое, чым можа скончыцца спроба Масквы «памерацца гаманцамі з Еўразвязам за Украіну». Але ліст не прапусціла турэмная цэнзура», - паведаміла жонка палітвязня.

Калі цэнзура не прапускае нейкі ліст, зняволенаму могуць вярнуць пусты канверт. Што і адбылося з лістом Мікалая Статкевіча да брата ва Украіну. Так Марына Адамовіч патлумачыла, адкуль яе муж ведае пра лёс свайго ліста аб Майдане. Што менавіта напісаў пра падзеі ў Кіеве Статкевіч, ёй невядома.

Таксама, са слоў Марыны Адамовіч, у апошнім лісце Мікалай адзначыў, што нядаўна споўнілася 3 гады як ён апынуўся за кратамі і гэта была сапраўды палова прызначанага яму тэрміну. «Напісаў, што час для яго праляцеў вельмі хутка», - кажа Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года.

Апошнія навіны