BE RU EN

Гомельскі студэнт упершыню абараніў дыплом інжынера па-беларуску

  • 30.01.2014, 20:14

Упершыню за 45-гадовую гісторыю ГДТУ імя П.В. Сухога адбылася абарона дыпломнага праекта, цалкам распрацаванага на роднай мове.

Студэнт завочнай скарочанай формы навучання па спецыяльнасці «Прамысловая электроніка» Андрэй Грабянчук у атачэнні чарцяжоў на беларускай мове, цалкам па-беларуску прадэманстраваў перад камісіяй распрацаваную ім сучасную сістэму кіравання газавай блокавай гарэлкай для катлаагрэгатаў і паказаў яе працу на рэальнай праграмна-апаратнай мадэлі, пішуць «Гомельскія ведамасці».

Андрэй, які працуе слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў ААТ «Рэчыцкі метызны завод», прызнаецца, што яму прыемна размаўляць на роднай мове, але на жаль, ён не заўсёды мае такую магчымасць:

- Наогул вельмі мала тых, хто гаворыць па-беларуску, - дзеліцца Андрэй, - Ва ўсялякім разе, у мяне такое жаданне існавала ўжо даўно. Ва ўмовах невытлумачальна рэдкага ўжывання роднай мовы на афіцыйным узроўні і ў сродках масавай інфармацыі нашай краіны даводзілася не раз звяртацца да слоўнікаў, да літаратурных твораў, каб удасканальваць свае веды і досвед у гутарцы. На шчасце, у свой час на працы я сустрэў чалавека з падобнай цікавасцю, з якім паміж сабой мы гаварылі па-беларуску. І таму пазней мне вельмі прыемна было сустрэць аднадумцаў і ў нашым універсітэце.

Абараняць дыплом на беларускай мове Андрэю прапанаваў ягоны кіраўнік - загадчык кафедры Крышна Юрый Віктаравіч, які ўжо доўгі час размаўляе толькі на роднай мове і паводле ўласнай ініцыятывы выкладае на ёй тэхнічныя дысцыпліны студэнтам. Менавіта ён дапамог Андрэю ў правільнай трактоўцы часткі спецтэрміналогіі дыпломнага праекта. У некаторых выпадках ім давялося звяртацца да рэдкіх тэхнічных слоўнікаў спецыяльных тэрмінаў аўтаматыкі і электронікі. У звычайных слоўніках адпаведныя тэрміны адсутнічалі або даваліся ў спрошчаным выглядзе.

І ў заключэнне трэба дадаць, што беларускамоўнаму студэнту ўсе ўдзельнікі камісіі без выключэння паставілі вышэйшы бал - «10», што з'яўляецца даволі рэдкім фактам.

Апошнія навіны