BE RU EN

Змітра Дашкевіча аштрафавалі на 1,3 мільёна

  • 30.01.2014, 16:25

Першамайскі суд Менска аштрафаваў былога палітвязня за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.

Сам Зміцер Дашкевіч у суд не з'явіўся. Справу разглядалі без яго, перадае «Радыё Свабода».

Суддзя Юрый Гарбатоўскі заслухаў паказанні старэйшага інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі МУС Аляксея Пількова. Той заявіў, што ў трэці чацвер снежня Зміцер Дашкевіч не з'явіўся адзначыцца. Пількоў кажа, што на наступны дзень патэлефанаваў былому палітвязню. Той патлумачыў, што забыўся прыйсці. Суддзя ўдакладніў у Пількова, ці спасылаўся Дашкевіч пры гэтым на нейкія прычыны. Міліцыянт адказаў, што не спасылаўся.

28 жніўня мінулага года Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гродзенскай турмы №1 пасля амаль трохгадовага зняволення. Ён быў арыштаваны напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асуджаны спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а затым за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Пад прэвентыўным наглядам Дашкевіч павінен знаходзіцца на працягу паўгода пасля вызвалення. Яму забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзін.

6 лістапада Дашкевіч быў затрыманы ў Менску падчас акцыі «Маладога фронту»: яе ўдзельнікі збіралі подпісы мінакоў за вяртанне сталічнай вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы - Францысканскай. У той жа дзень палітыка асудзілі за непадпарадкаванне міліцыі на трое сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Дашкевіч сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што яго асудзілі на падставе сфальсіфікаванага пратаколу, і расцаніў дзеянні ўладаў як «працяг курсу на пераслед іншадумцаў».

5 снежня Дашкевіч быў папярэджаны аб магчымым падаўжэнні і ўзмацненні прэвентыўнага нагляду ў выпадку «далейшага аказання супраціву супрацоўнікам міліцыі».

Апошнія навіны