Rzeczpospolita: За Лукашэнкам аб рэформах у Беларусі не можа быць і гаворкі
- 3.01.2014, 18:41
Беларусь залазіць у чарговы эканамічны крызіс, і абяцаны Расеяй крэдыт не спыніць гэты працэс.
Абвяшчэнне спісу «дасягненняў» беларускай эканомікі супала з чарговым расейскім крэдытам для суседа-тапельца.
Учора прэм'ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў дакументы аб пачатку выплаты Беларусі 450 мільёнаў даляраў з вылучаных 2 мільярдаў. У той жа час Менск назваў галоўным дасягненнем 2013 «паляпшэнне дабрабыту народа», піша газета Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).
Сярэдні заробак склаў 5,17 мільёна беларускіх рублёў (583 даляры), які з 2010 года вырас у 1,4 разы. Сярэдняя пенсія на працягу трох гадоў вырасла ў 3,3 разы да 2,1 мільёнаў рублёў (236 даляраў). Таксама за тры гады на 65 % павялічылася колькасць банкаўскіх укладаў у замежнай валюце, гандлёвае абарачэнне цягам 11 месяцаў павялічылася на 18% у гадавым вылічэнні. Любімая галіна Лукашэнкі - сельская гаспадарка - на працягу трох гадоў прыцягнула інвестыцый на 10 мільярдаў даляраў, экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі прынёс у мінулым годзе 5,8 мільёнаў даляраў.
Але ў гэтым аптымістычным графіку таксама ёсць сумныя лічбы, якія прызнае сам урад: «У выніку нізкага тэхналагічнага ўзроўню і слабых кіраўніцкіх кадраў, 65% гаспадарак маюць толькі 30% гандлёвага абарачэння і 20% рэальнага прыбытку».
І хоць у эканоміцы Беларусі пераважае дзяржаўны сектар, прыватны бізнэс удзельнічае ў стварэнні паловы ВУП, які ў мінулым годзе склаў 70 мільярдаў даляраў. Прыбытак на душу насельніцтва - 13385 даляраў (61 месца ў свеце).
Але ўсё гэта афіцыйныя лічбы. І агулам эканамічныя прагнозы беларускіх уладаў цалкам праваліліся. Незалежныя экспэрты звяртаюць увагу на тое, што сур'ёзнай праблемай застаецца інфляцыя – амаль 20%, а таксама замежная запазычанасць - больш за 37 мільярдаў даляраў пры нізкіх золатавалютных рэзервах. Беларусь залазіць у чарговы эканамічны крызіс і абяцаны Расеяй двухмільярдны крэдыт не спыніць гэты працэс. Толькі рынкавыя рэформы могуць прадухіліць негатыўныя з'явы, але пакуль кіруе Лукашэнка, пра гэта не можа быць і гаворкі.