BE RU EN

Беларускія навукоўцы ствараюць чыпсы з яблыкаў і распушчальнае печыва

  • 28.01.2014, 19:09

Для стварэння і ўкаранення новых прадуктаў шукаюць інвестараў.

Асістэнтка кафедры фізіка-хімічных метадаў сертыфікацыі прадукцыі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Настасся Нікіценка - за здаровую ежу, таму прапануе пераходзіць на яблычныя чыпсы, з ідэяй і тэхналогіяй вытворчасці якіх прыйшла на конкурс, пішуць «Беларускія навіны».

Са слоў маладой навукоўцы, у гэтых чыпсах за кошт аптымальных тэхналагічных параметраў у максімальнай ступені захаваны натуральныя рэчывы. Як вырабляць такія яблычныя чыпсы, Анастасія ведае, аднак неабходны інвестар, гатовы ўкласціся ў рэалізацыю ідэі. Яе аўтарка ўпэўненая: прадпрыемства, якое прыменіць распрацаваныя тэхналогіі, атрымае прыбытак ужо на другі год рэалізацыі - агульная рэнтабельнасць вытворчасці складае 66%.

Адказваючы на пытанне, чым яе яблычныя чыпсы адрозніваюцца ад яблыкаў, што сушылі нашы бабулі на печках або ў духоўках, Анастасія Нікіценка падкрэсліла: «Тое, што робяць нашы бабулі - гэта вытворчасць у тэхналогіі сухіх прадуктаў, а тут ідзе вытворчасць чыпсаў. Слова «чыпсы» ў перакладзе з ангельскай мовы азначае тонкі кавалачак чаго-небудзь. Гэта можа быць гародніна, лустачка яблыка - тонкі кавалачак, які рассыпаецца пры націску. Наш прадукт гэтым параметрам адпавядае».

Яшчэ адным смачным і карысным айчынным прадуктам можа стаць распушчальнае печыва для дзяцей ранняга ўзросту. Такі прадукт у нашых крамах ёсць, але гэта імпарт, тады як у Беларусі маюць магчымасці вырабляць такое печыва самім.

Супрацоўніца Навукова-практычнага цэнтра НАН у харчаванні Ксенія Гершончык распрацавала такую тэхналогію. Яна адпавядае ўсім патрабаванням харчовай энергетычнай каштоўнасці, рэцэптурнага складу, паказчыкаў бяспекі. Дарэчы, тэхналогія вытворчасці распушчальнага печыва стала тэмай кандыдацкай дысертацыі Ксеніі.

Апошнія навіны