BE RU EN

Дураў прадаў сваю дзель «Вконтакте»

  • 24.01.2014, 21:42

Заснавальнік сацыяльнай сеткі «Вконтакте» Павал Дураў пацвердзіў інфармацыю аб продажы сваёй дзелі генеральнаму дырэктару «Мегафон» Івану Таўрыну.

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў «Вконтакте».

«За апошнія некалькі гадоў я актыўна пазбаўляўся ад уласнасці, аддаючы і прадаючы ўсё, што ў мяне было - ад мэблі і рэчаў да нерухомасці і кампаній. Да дасягнення ідэалу мне заставалася пазбавіцца ад самай буйной часткі сваёй маёмасці - 12% - дзелі Вконтакте. Я рады, што надоечы я дасягнуў і гэтай мэты, прадаўшы сваю дзель Вконтакте майму сябру Івану Таўрыну», - гаворыцца ў паведамленні.

Раней СМІ таксама паведамілі аб магчымым сыходзе самога Паўла Дурава з пасады генеральнага дырэктара. Меркавалася, што магчымай прычынай адстаўкі стаў канфлікт Дурава з акцыянерамі, незадаволенымі празмерным захапленнем заснавальніка кампаніі іншымі праектамі (у прыватнасці, гаворка ішла аб мэсэнджэры Telegram). Тым не менш, інфармацыя аб адстаўцы не пацвердзілася.

Сацыяльная сетка «Вконтакте» была заснаваная Паўлам Дуравым у 2006 годзе. Найбуйнейшымі акцыянерамі сацсеткі з'яўляюцца Mail.ru Group Алішэра Усманава (39,9 адсоткі акцый) і фонд UCP інвестара Іллі Шчарбовіча (48 адсоткаў). Звязаны з кампаніяй «Раснафта» UCP увайшоў у склад акцыянераў кампаніі ў красавіку 2013 года пасля куплі пакетаў акцый, якія раней належалі сузаснавальніку «Вконтакте» Вячаславу Мірылашвілі і Льву Левіеву.

Апошнія навіны