На Грушэўскага «беркутавец» перайшоў на бок пратэстоўцаў
- 24.01.2014, 21:06
На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве адзін з байцоў «Беркута» зняў з сябе амуніцыю і перайшоў на бок удзельнікаў пратэсту.
Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў грамадскі актывіст Раман Давідзенка.
З ягоных слоў, цяпер «беркутавец» знаходзіцца на Майдане Незалежнасці, паведамляе Еспресо.TV.
Пратэсты супраць зрыву падпісання Пагаднення аб Асацыяцыі з ЕЗ ва Украіне доўжацца ўжо больш за два месяцы. 22 студзеня адбыліся найбольш сур'ёзныя сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і сілавікамі. На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пачалася чарговая жорсткая зачыстка дэманстрантаў. Спецназ і ўнутраныя войскі атакавалі барыкады, збудаваныя прысутнымі. Наступ суправаджаўся стрэламі. Сілавікі выйшлі за лінію згарэлых два дні таму аўтобусаў. Людзі спрабавалі ўцячы, аднак міліцыянты іх даганялі і збівалі.
У выніку сутыкненняў, як мінімум, трое чалавек забітыя, некалькі сотняў атрымалі раны. Дваіх дэманстрантаў, сярод якіх - беларус Міхаіл Жызнеўскі, застрэлілі сілавікі. Адзін з пратэстоўцаў зваліўся з каланады і памёр у рэанімацыі.