BE RU EN

Лукашэнка рыхтуецца ўвесці платную медыцыну

  • 24.01.2014, 18:01

Дыктатар мяркуе, што «беларусы не шануюць сваё здароўе праз бясплатную медыцыну».

Лукашэнка бачыць патрэбу прааналізаваць мэтазгоднасць пераходу ў краіне на платную медыцыну, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у ягонай прэс-службе.

У пятніцу падчас цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам правадыр заявіў пра намер правесці сёлета «сур'ёзную размова на тэму далейшага развіцця аховы здароўя ў цэлым».

«Самая вялікая праблема ў нашай краіне ў гэтай частцы, на мой погляд, тое, што нашы людзі не шануюць сваё здароўе. Можа, таму што бясплатна?» - сказаў Лукашэнка.

На ягоны погляд, «шанаваць здароўе так, як на Захадзе, як у багатай Амэрыцы, нават як цяпер у Расеі, у нас ніхто не тое што не ўмее - не хоча». «Там людзі баяцца захварэць. Таму што, па-першае, гэта дрэнна, а, па-другое, гэта каласальныя выдаткі на лячэнне», - працягнуў Лукашэнка.

«Таму мы павінны правесці сур'ёзную дыскусію і на гэтую тэму. Я не хачу сказаць, што мы заўтра ўвядзем платную медыцыну. Напэўна, гэта будзе няправільна, і тыя, хто гэта зрабіў з постсацыялістычных дзяржаў, маюць вельмі вялікія праблемы. Але нешта ў гэтай частцы трэба рабіць», - адзначыў правадыр.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што «ў ахове здароўя мы вельмі шмат зрабілі апошнім часам». «Мы ўклалі каласальныя сродкі для таго, каб не толькі страсянуць яго, але і мадэрнізаваць, давесці да самых высокіх стандартаў», - падкрэсліў ён.

Нагадаем, раней віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прапаноўваў увесці ў Беларусі платную медыцыну. Ён сцвярджаў, што «калі ў Беларусі сярэдні заробак 1200 даляраў, за візіт да лекара можна браць хоць бы 5000 рублёў».

Апошнія навіны