BE RU EN

Лукашэнка: Можа нам не хапае нейкай вядучай партыі?

  • 23.01.2014, 15:52

Кіраўнік заяўляе, што быў бы не супраць, калі б у краіне з'явілася «вядучая партыя».

Пра гэта ён заявіў у чацвер, сустракаючыся з прызначанымі кіраўнікамі мясцовых выканаўчых органаў, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

«Я ўжо неяк задаваў пытанне, можа, рытарычнае: можа быць, для больш паўнавартаснага грамадска-палітычнага жыцця ў нашай краіне не хапае нейкай вядучай партыі? Усе краіны, асабліва вакол, постсавецкія рэспублікі такія партыі маюць. Мы - не. Я, шчыра кажучы, абсалютна быў бы не супраць, калі б была нейкая палітычная сіла, якая дапамагала б нам працаваць з кадрамі», - заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэта вельмі сур'ёзнае пытанне.

«Усё вырашаюць людзі. Тут у нас вельмі шмат праблем, і тая сістэма, якая створана праз вертыкаль улады, безальтэрнатыўная. Няма канкурэнцыі. Гэта дрэнна», - заявіў кіраўнік.

«На маё пытанне пра нейкую грамадска-палітычную сілу, пачынаючы ад прэм'ер-міністра, кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, заканчваючы памочнікамі, гвалтам крычалі, што такая палітычная сіла сёння не патрэбная, усё ў руках старшыняў гар-, райвыканкамаў, аблвыканкамаў. Таму ствараць нешта штучнае не патрэбна, - нагадаў Лукашэнка. - Можа быць і так, але размова такая была. Думаю, што ў працэсе гэтых электаральных падзей, якія пройдуць у бліжэйшы час, нам варта вельмі сур'ёзна заняцца гэтым пытаннем. Але гэта не значыць, што мы штучна створым нейкую партыю па вобразу КПСС. Вось гэта будзе ўжо зусім дрэнна».

Нагадаем, у Беларусі ўжо некалькі гадоў дзейнічае праўладнае аб'яднанне «Белая Русь», у якое ў прымусовым парадку зганяліся бюджэтныя работнікі. Эксперты прадказвалі магчымае пераўтварэнне гэтай арганізацыі ў «партыю ўлады».

Фота: Reuters

Апошнія навіны