BE RU EN

Канстытуцыйны суд ухваліў пошліну на аўто

  • 23.01.2014, 12:38

Старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заяўляе, што ўвядзенне падатку на аўто адпавядае Канстытуцыі.

«Дадзены закон быў прадметам разгляду Канстытуцыйнага суда. І Канстытуцыйны суд ацэньвае гэтую норму як канстытуцыйную», - заявіў Міклашэвіч у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша «Інтэрфакс».

Пры гэтым ён растлумачыў, што «ў канстытуцыйныя абавязкі грамадзян Беларусі ўваходзіць норма аб тым, што яны павінны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, плацяжоў». Акрамя таго, старшыня Канстытуцыйнага суда сказаў: «Кожны грамадзянін хоча ездзіць па добрых дарогах. У Беларусі ўзнікла сітуацыя, калі падаткаў не хапае на тое, каб падняць якасць дарог, таму і было прынята такое рашэнне».

Міклашэвіч падкрэсліў, што падатак на допуск аўтатранспарту да ўдзелу ў дарожным руху існуе ў многіх краінах. «Гэта не толькі беларуская практыка», - адзначыў ён. На думку старшыні Канстытуцыйнага суда, «у грамадстве ўжо падышлі да разумення неабходнасці гэтага падатку». «Сума нязначная, яе трэба ўносіць, каб дарогі паляпшаліся», - сказаў Міклашэвіч.

Нагадаем, механізм спагнання дзяржпошліны прадугледжвае яе самастойную выплату арганізацыямі і грамадзянамі да моманту праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду, на які разам з іншымі абавязковымі дакументамі павінен быць прадстаўлены плацежны дакумент аб выплаце гэтай пошліны. Льготы па выплаце пошліны мінімальныя і прадугледжаны толькі ў дачыненні да спецыяльнага транспарту, прызначанага для выкарыстання інвалідамі, спецыяльных транспартных сродкаў МНС, хуткай дапамогі, грамадскага транспарту.

Памер будзе прывязаны да масы транспартнага сродку і залежаць ад прыналежнасці фізічнай або юрыдычнай асобе. Абсалютная большасць легкавых аўтамабіляў, якія ездзяць па нашых дарогах, трапляюць у катэгорыю ад 1 да 2 тон. Іх уладальнікам прыйдзецца плаціць 5 б. в. (цяпер - 650 тыс. рублёў).

За кошт дзяржпошліны ў 2014 годзе плануецца сабраць 1,6 трлн. рублёў.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны