BE RU EN

Лукашэнка пачаў «раптоўную праверку» арміі

  • 21.01.2014, 13:27

Кіраўнік аддаў распараджэнне пачаць праверку боегатоўнасці Узброеных сіл.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у міністэрстве абароны краіны.

«Сёння ў 12 гадзін міністру абароны ўручана распараджэнне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Згодна з распараджэннем распачатая праверка баявой гатоўнасці Узброеных сіл», - праінфармавалі ў Мінабароны.

Там адзначылі, што галоўнай мэтай праверкі з'яўляецца вызначэнне здольнасці органаў ваеннага кіравання, камандзіраў кіраваць падначаленымі воінскімі часткамі і падраздзяленнямі, а для воінскіх частак і падраздзяленняў УС, тэрытарыяльных войскаў - гатоўнасці выконваць задачы па прызначэнні. Таксама сур'ёзная ўвага будзе нададзена праверцы гатоўнасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі да баявога прымянення.

«Праверкай будуць ахопленыя органы ваеннага кіравання на ўсіх узроўнях - стратэгічным, аператыўным і тактычным, воінскія часткі і падраздзяленні відаў УС і практычна ўсіх родаў войскаў, а таксама тэрытарыяльных войскаў», - адзначылі ў Мінабароны.

Акрамя таго, працягнулі там, асаблівасцю пастаўленай задачы з'яўляецца тое, што ўпершыню на баявое дзяжурства па СПА будзе пастаўленая зенітная ракетная батарэя «Тор-М2». Раней гэты комплекс быў апрабаваны пры правядзенні баявой стральбы на палігоне «Ашулук» (Расея). Цяпер ён будзе правераны ў сістэме супрацьпаветранай абароны Беларусі, удакладнілі ў міністэрстве.

Таксама пройдзе праверку ва ўмовах лясістай мясцовасці новая радыёлакацыйная станцыя айчыннай вытворчасці «Раса-РБ».

«Акцэнт у праверцы пабудаваны на ВПС і войсках СПА, якія ахоўваюць не толькі паветраныя рубяжы краіны, але і знешнюю граніцу Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму ў адпаведнасці з рашэннем прэзідэнта ў поўным аб'ёме правяраюцца дзяжурныя сілы па СПА, у тым ліку палётамі кантрольных мэтаў, - распавялі ў ваенным ведамстве. - Напярэдадні Чэмпіянату свету 2014 года па хакеі асаблівая ўвага будзе звернута на арганізацыю аховы аб'ектаў, транспартных камунікацый і ўчасткаў дзяржаўнай мяжы».

Такім чынам, праверка Узброеных сіл носіць комплексны характар, падкрэслілі ў міністэрстве.

Там таксама адзначылі, што «ў бліжэйшыя дні абстаноўка будзе нарошчвацца, а колькасць органаў ваеннага кіравання і войскаў, якія прыцягваюцца да праверкі, - павялічвацца».

Вынікі праверкі будуць старанна прааналізаваныя і выкарыстаныя ў далейшай падрыхтоўцы Узброеных сіл, падкрэслілі ў міністэрстве.

Нагадаем, 16 студзеня Лукашэнка паставіў задачу правесці раптоўную праверку Узброеных сіл краіны. Прымаючы з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Мяжуева, ён адзначыў, што праверка будзе праведзеная, нягледзячы на тое, што ў 2013 годзе УС краіны «былі на добрым узроўні і нямала зроблена міністрам».

Кіраўнік падкрэсліў, што праверка не павінна насіць фармальны характар.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што «ўсе матэрыялы і рашэнні, якія будуць прынятыя сёння і надалей да праверкі, павінны насіць абсалютна закрыты характар».

Апошнія навіны