BE RU EN

Кітайцам аддалі 120 гектараў беларускай зямлі на сто гадоў

  • 17.01.2014, 8:41

Лукашэнка даў беспрэцэдэнтныя льготы кітайскім вытворцам аўтамабіляў.

Кіраўнік падпісаў Указ № 35 «Аб пытаннях арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў». Дакумент, як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, прыняты ў мэтах «стварэння спрыяльных умоў для арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь выпуску новых відаў аўтатранспарту і прадугледжвае рэалізацыю ў Барысаўскім раёне Менскай вобласці інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў».

Інвестыцыйны праект уключае будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў і аб'ектаў унутранай і знешняй інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Ён рэалізуецца ў адпаведнасці з Мемарандумам аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў, падпісаным Мінпрамам і кітайскай карпарацыяй Geely. Тэрмін будаўніцтва завода - да 1 ліпеня 2019 года.

У адпаведнасці з указам, заказчыкам па праектаванні і будаўніцтву завода і аб'ектаў унутранай інжынернай і транспартнай інфраструктуры да яго будзе СЗАТ «БелДжы» - сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску легкавых аўтамабіляў маркі Geely, зарэгістраванае на тэрыторыі СЭЗ «Менск». Яго заснавальнікі - ААТ «БелАЗ», карпарацыя Geely і СЗАТ «Саюзаўтатэхналогіі».

Заказчыкам па праектаванні і будаўніцтву аб'ектаў знешняй інжынернай і транспартнай інфраструктуры да заводу з улікам вынасу з тэрыторыі забудовы інжынерных сетак існуючай інфраструктуры вызначана КУП «УКБ-Барысаў».

Менскі аблвыканкам у адпаведнасці з указам павінен забяспечыць прадастаўленне СЗАТ «БелДжы» ў арэнду на 99 гадоў зямельнага ўчастка ў межах СЭЗ «Менск» (118,87 га) для будаўніцтва і эксплуатацыі аб'ектаў дадзенага прадпрыемства, а КУП «УКБ-Барысаў» - зямельных участкаў у пастаяннае і часовае карыстанне для будаўніцтва і эксплуатацыі аб'ектаў знешняй інжынернай і транспартнай інфраструктуры да заводу.

«Рэалізацыя Указа дасць магчымасць прыцягнуць інвестыцыі ў стварэнне экспартаарыентаванай вытворчасці магутнасцю 120 тыс. аўтамабіляў у год (90% прадукцыі намечана экспартаваць), стварыць новыя працоўныя месцы (пры выхадзе на праектную магутнасць колькасць работнікаў прадпрыемства складзе каля 1,9 тыс. чалавек), асвоіць новыя тэхналогіі выпуску канкурэнтаздольнай тэхнікі», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы

Нагадаем, рэалізацыя інвестпраекта па вытворчасці ў Барысаўскім раёне легкавых аўтамабіляў, абмяркоўвалася 14 студзеня на рабочай сустрэчы Лукашэнкі з прэм'ер -міністрам Міхаілам Мясніковічам і старшынёй Менаблвыканкама Сямёнам Шапірам.

«Тое, аб чым марылі многія беларусы і, перш за ўсё, я, адбылося, - сказаў тады Лукашэнка. - Беларускі аўтамабіль мы зрабілі разам з нашымі кітайскімі сябрамі і быццам бы, па маіх дадзеных, прыкладна 2,5 тыс. прадалі ў мінулым годзе. І попыт на падобны тып аўтамабіляў маецца не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны».

СЗАТ «БелДжы» створана 23 снежня 2011 года. Інвестыцыйная дамова з кітайскай кампаніяй Geely падпісана ў сакавіку 2012 года. Прадпрыемства па зборцы кітайскіх аўтамабіляў размясцілі на арэндаваных плошчах барысаўскага ААТ «Аўтагідраўзмацняльнік». Створаная вытворчасць з максімальнай магутнасцю па зборцы SKD-камплектаў (буйнавузлавая зборка) на 10 тыс. аўтамабіляў у год. На прадпрыемстве працуюць 57 чалавек. Заснавальнікамі СЗАТ «БелДжы» з'яўляюцца ААТ «БелАЗ» (50% акцый), кітайская кампанія Geely (32,5%) і сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці аўтакампанентаў «Саюзаўтатэхналогіі».

Апошнія навіны