BE RU EN

Валянцін Стэфановіч: Беларусы паводле Канстытуцыі могуць не галасаваць на «выбарах»

  • 16.01.2014, 15:18

Асноўны закон краіны дазваляе байкатаваць «выбары».

Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Такім чынам праваабаронца пракаментаваў сайту charter97.org забарону прызыву да не ўдзелу ў «выбарах».

«У 2012 годзе, калі апазіцыя абрала тактыку байкоту «выбараў» і рэгістрацыі кандыдатаў, якія потым заклікалі да байкоту, Ярмошына сказала, што «некаторыя нядобрасумленныя кандыдаты знайшлі шчыліны ў заканадаўстве з мэтай зрыву дзяржаўнага мерапрыемства, якім з'яўляюцца «выбары». І дадала, што гэта трэба ўрэгуляваць, і пастанова ЦВК выключыла заклікі да байкоту «выбараў» з перадвыбарчай агітацыі. А мы на той момант казалі, што ў законе напісана, што ў нас забаронена перадвыбарная агітацыя і ў тым ліку заклікі да байкоту «выбараў» толькі ў дзень галасавання. Гэта значыць, што і перадвыбарная агітацыя, і заклікі да байкоту выбараў, якія паводле закону з'яўляюцца часткай перадвыбарчай агітацыі, не забароненыя», - адзначыў юрыст.

Праваабаронца мяркуе, што заклікі да ўдзелу або не ўдзелу ў «выбарах» - гэта частка палітычнай палемікі.

«Калі я лічу, што ў нас «выбары» дрэнныя і не трэба туды хадзіць, то чаму я не магу быць вольным у сваіх выказваннях адносна гэтай сітуацыі? Гэта частка палітычнай палемікі, і іх нельга ставіць у адзін шэраг з іншымі рэчамі, якія забараняюцца пры агітацыі», - перакананы праваабаронца.

Юрыст падкрэсліў, што Канстытуцыя Беларусі дазваляе не хадзіць на «выбары».

«Калі вы заклічаце суседа байкатаваць «выбары», то гэта не будзе разглядацца як парушэнне Канстытуцыі. І, па-мойму, забарона прызыву да байкоту - гэта наогул нейкія перажыткі савецкіх часоў. Бо тады ўсе цалкам хадзілі на «выбары», і, вядома, калі хтосьці заклікаў да байкоту савецкіх «выбараў», гэта ўспрымалася як антыдзяржаўная дзейнасць, і за такое тады на шмат гадоў саджалі ў турму або дурдом», - падсумаваў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, пачынаючы з 1995 года ні адны выбары, ні адзін рэферэндум, якія праводзяцца ў Беларусі, не былі прызнаныя тымі арганізацыямі, якія ўпаўнаважаны міжнароднай супольнасцю назіраць за імі і даваць ім ацэнку. За гэты час падрыхтаваны сотні дакладаў, маніторынгаў, аналітычных матэрыялаў, даследаванняў пра фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Апісаны тысячы выпадкаў парушэнняў і фальсіфікацый. Міжнародныя назіральнікі да дробязяў знаёмыя з метадамі беларускага рэжыму ў забеспячэнні патрэбных вынікаў на выбарах.

Выснова аб тым, што ў Беларусі выбараў няма, была зроблены даўно як апазіцыяй, так і міжнароднымі назіральнікамі. Пасля 19 снежня 2010 года гэтая выснова стала больш жорсткай: пад выглядам выбараў у Беларусі здзяйсняецца злачынства супраць народа.

Апошнія навіны