BE RU EN

Лекары схавалі звесткі аб аперацыі над Юліяй Кубаравай

  • 16.01.2014, 7:56

Спецыялісты медыцынскага цэнтра «Экамедсэрвіс» схавалі ад праверкі факт рэанімацыйных мерапрыемстваў падчас аперацыі.

Пра гэта 15 студзеня суду паведаміў сведка Юрый Герасімовіч, які ў сакавіку 2013 года быў загадчыкам аддзела пластычнай хірургіі і ўзначальваў службовую праверку, праведзеную адразу пасля няўдалай аперацыі над Юліяй Кубаравай, перадае «Радыё Свабода».

Паводле яго слоў, хірург Віктар Серабро і анестэзіёлаг Аляксандр Шураў у сваіх тлумачэннях прызналі, што падчас аперацыі былі збоі ў працы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але пра аперацыю яны паведамілі, што яна прыпынялася «толькі на некалькі хвілін».

Камісія высветліла, што Аляксандр Шураў і Віктар Серабро сышлі пасля аперацыі з «Экамедсэрвіса», не дачакаўшыся абуджэння пацыенткі. «Шураў тлумачыў, што лічыў, быццам з пацыенткай ўсё добра. Серабро таксама казаў, што «па яго частцы ўсё было добра», - успомніў сведка Герасімовіч. Па словах сведкі, у гісторыі хваробы Кубаравай, якую перадалі разам з хворай ў 4-ю бальніцу, наогул не было звестак пра інцыдэнт падчас аперацыі.

Нагадаем, у судзе Кастрычніцкага раёна горада Менска 9 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы па факце смерці пацыенткі СТАА «Экамедсэрвіс - Медыцынскі цэнтр» Юліі Кубаравай. Дзяўчына памерла пасля правядзення пластычнай аперацыі. Па гэтай крымінальнай справе прыцягнутыя па арт.428 Крымінальнага кодэкса Беларусі (службовая халатнасць) генеральны дырэктар цэнтра Галіна Валжанкіна і галоўны інжынер названага медыцынскага цэнтра Уладзімір Ліхута, а па ч.2 арт.162 Крымінальнага кодэкса (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента) - урач-анестэзіёлаг Аляксандр Шураў.

Апошнія навіны