BE RU EN

Нацбанк забараніў выдачу крэдытаў у валюце юрыдычным асобам

  • 15.01.2014, 14:12

Прадастаўленне крэдытаў у валюце для разлікаў з нерэзідэнтамі краіны забаронена

Выключэнне складаюць крэдыты для разлікаў за газ з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».

Пра гэта гаворыцца ў пастанове Нацыянальнага банка ад 4 студзеня. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступіў у сілу сёння. Ён уносіць змены ў пастанову праўлення НББ ад 13 лістапада 2012 года N577 «Аб прадастаўленні крэдытаў у замежнай валюце», піша «Інтэрфакс».

Згодна з дакументам, забарона распаўсюджваецца як на кароткатэрміновыя, так і на доўгатэрміновыя (інвестыцыйныя крэдыты).

Выключэнне складае валютнае крэдытаванне юрыдычных асоб - рэзідэнтаў Беларусі на разлікі за прыродны газ з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», паколькі разлікі за газ у валюце агавораныя міждзяржаўным пагадненнем Беларусі і РФ аб куплі ААТ «Белтрансгаз» (пасля закрыцця здзелкі перайменавана ў «Газпром трансгаз Беларусь») расейскім ААТ «Газпрам».

Як паведамлялася, у пачатку студзеня 2014 года Нацбанк заявіў аб узмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, нягледзячы на прадастаўленне Беларусі расейскага стабкрэдыту ў памеры $2 млрд. НББ адзначыў, што адпаведныя рашэнні прынятыя на пасяджэнні праўлення рэгулятарнага органа.

«Рэалізацыя мер па павышэнню эфектыўнасці банкаўскага крэдытавання дазволіць ў 1-ым квартале бягучага года абмежаваць прырост патрабаванняў да эканомікі на ўзроўні да 0,7% у сярэднім за месяц», - адзначылі ў сувязі з гэтым у НББ. Там падкрэслілі, што «такія тэмпы крэдытавання адпавядаюць гадавому прагнозу, дазваляюць забяспечваць неабходнае развіццё эканомікі без негатыўнага ўплыву на макраэканамічную збалансаванасць».

НББ рэзка зрабіў больш жорсткімі ўмовы валютнага крэдытавання суб'ектаў гаспадарання ў лістападзе 2012 года. Аднак у лютым 2013 года, па просьбе ўрада і для правядзення мадэрнізацыі прамысловасці, дазволіў доўгатэрміновае крэдытаванне ў валюце (на тэрмін больш за 1 год).

Апошнія навіны