Менскія таксісты рыхтуюць акцыю пратэсту (Відэа)
- 10.01.2014, 7:46
Перавозка пасажыраў страціла рэнтабельнасць.
Даражэе бензін, запчасткі, рамонт, а тарыфы практычна не падымаюцца. Разам з тым тых, хто жадае скарыстацца паслугай таксі, стала прыкметна менш. Савецкі стэрэатып, што ездзіць на таксі - раскоша, становіцца рэальнасцю не толькі для пасажыраў, але і для кіроўцаў. Таксісты кажуць, што паездкі ў Менску ненатуральна танныя, перадае тэлеканал «Белсат».
«Дыспетчарскія службы не павінны затрымліваць рост тарыфу. Калі браць часовы фактар, атрымліваецца, што з апошняга росту коштаў хлеб падаражэў на 80%, а тарыф застаўся на тым жа месцы. Прабачце, але я хачу есці», - кажа таксіст Дзяніс.
Усяго ў сталіцы каля 20 службаў, якія прапануюць паслугу таксі, і тарыфы ў іх прыблізна аднолькавыя - на ўзроўні 4-6 тысяч рублёў за кіламетр, мінімальны кошт паездкі - 30 тысяч рублёў. На самай справе кошты пачынаюцца дзесьці з 50 тысяч. Кіроўцы кажуць, што пры кошце бензіну 9-9,5 тысяч рублёў за літр, а таксама з улікам кошту рамонту і запчастак узнікае патрэба рабіць выбар.
«Сабе проста заробак зарабляць мы не можам. Або ўтрымоўвай аўтамабіль, або ездзі на металаломе і падвяргай рызыцы пасажыраў і сябе», - кажа таксіст Міхаіл Раковіч.
У сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі таксі спрабавалі «перасадзіць» на больш новыя аўтамабілі. Аднак, кажуць кіроўцы, пры сённяшніх тарыфах машына, набытая ў лізінг, не акупіцца і за 5 гадоў. Хоць і цяперашнія кошты шмат каму з менчукоў здаюцца высокімі.
Вось што кажуць жыхары беларускай сталіцы:
«У пенсіянера пра таксі пытаецеся? Я не карыстаюся».
«Імкнуся на сваёй машыне, нават калі што, жонку забіраю».
«Я вось зараз вяртаўся з дому - студэнт, сесія - абслугоўванне ніякае, грошы дзяруць, з глузду з’ехаць».
Бывалыя кіроўцы скрушна канстатуюць падзенне не толькі попыту на іх паслугі, але і даверу да кіроўцы і павагі да прафесіі. Рынак перанасычаны. Паводле неафіцыйных дадзеных, у Менску сёння 8000 легальных і столькі ж - нелегальных таксі.
Да таго ж, патрабаванні да таксістаў сёння рэзка знізіліся.
«Любы хлопчык прыйдзе з правамі і будзе працаваць у таксі. Хоць ён нават не ўяўляе, што такое дарога і як па ёй перавезці пасажыра з кропкі А ў кропку Б бяспечна, а гэта самае істотнае. Яны едуць на чырвонае святло, не выконваючы правілаў. Паглядзіце, колькі аварый цяпер з удзелам таксі», - кажа таксіст Канстанцін.
Распавесці пра ўласныя праблемы, выказаць прапановы і зрушыць сітуацыю з месца менскія таксісты збіраюцца на ўласнай акцыі пратэсту, дазвол на правядзенне якой зараз спадзяецца атрымаць іх незалежны прафсаюз.