З Новым годам! З новымі коштамі і падаткамі!
- 1.01.2014, 12:52
Сёння ў Беларусі ўводзяцца новыя падаткі і павышаюцца кошты на шэраг тавараў.
«Камуналка»
Камунальнікі скардзіліся, што абясцэньванне беларускага рубля робіць пакрыццё насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальныя паслугі меншым, чым яны планавалі. З мэтай ліквідаваць гэтую несправядлівасць улады ў пачатку снежня вырашылі ўнесці змяненні ва ўказ «Аб мерах па павышэнню эфектыўнасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі».
Новаўвядзенне матывавана жаданнем не дапусціць «зніжэння акупнасці жыллёва-камунальных паслуг». У гэтых мэтах прадугледжаная індэксацыя тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.
З гэтага часу тарыфы ЖКГ будуць павышацца кожны год з 1 студзеня. Памер павышэння склаў 5 даляраў ЗША «па сярэднегадавым значэнні абменнага курсу».
Алкаголь і цыгарэты
Стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі алкаголь вырастуць на 14,5% з 1 студзеня і на 11,1% з 1 ліпеня, на пладовае мацаванае віно - на 36,1% з 1 студзеня і на 28,7% з 1 ліпеня, на піва - на 13-15% з 1 студзеня і яшчэ на 6-7% з 1 ліпеня. Усё гэта пацягне рост рознічных коштаў на спіртное.
Максімальныя рознічныя кошты на большасць відаў цыгарэт у Беларусі з 1 студзеня 2014 года таксама выраслі. Пры гэтым некаторыя з іх сталі даражэй больш чым у 2 разы.
Новыя кошты на тытунёвыя вырабы апублікаваныя на сайце Міністэрства па падатках і зборах.
Падаражанне закранула практычна ўсе віды цыгарэт, як тыя, што вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, так і імпартуемыя. Максімальна павялічацца ў кошце цыгарэты Credo (больш чым у 2 разы, да 5800 рублёў за пачак), менш за ўсё - Winston XSence Club Blue і Winston XSence Club Silver (на 3,6%, да 14 500).
Даражэй стануць у тым ліку цыгарэты такіх марак, як Alliance, Camel, Monte Сarlo, Glamour, Pall Mall, Winston, Lucky Strike, LD, Kent, Vogue, West, Dunhill, Davidoff, Richmond, Sobranie.
Праезд у грамадскім транспарце
Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2014 год прадугледжвае падаражанне праезду ў чыгуначным транспарце ў 2-2,5 разы. Павышэнне тарыфаў будзе праходзіць у 3 этапы. Будуць павялічаныя і тарыфы на праезд у гарадскім транспарце. У Менску кошт праезду плануецца павялічыць да 5000 рублёў, у абласцях - да 4200 рублёў.
Падатак на аўто
Сёння ў Беларусі з'явіўся аналаг транспартнага падатку - дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Плаціць яе прыйдзецца пры праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду як юрыдычным, так і фізічным асобам.
Новаўвядзенне выклікала пратэст беларусаў. Пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем адмяніць падатак на аўто за некалькі дзён было сабрана 80 тысяч подпісаў. У Беларусі прайшлі дзве акцыі пратэсту аўтамабілістаў «Стоп-падатак».
Як стала вядома charter97.org, аб'ектам абкладання дзяржпошлінай прызнаецца выдача дазволу на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. Пра гэта паведаміла крыніца ва УП «Белтэхагляд».
Работнікі гэтага прадпрыемства атрымалі часовую інструкцыю для службовага карыстання па праверцы выплаты дзяржпошліны, якая вызначае парадак дзейнасці работніка па праверцы і ўліку дакументаў, якія пацвярджаюць унясенне платы за дзяржпошліну або вызваленых ад выплаты дзяржпошліны пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры па выдачы дазволаў.
З 1 студзеня 2014 года дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху выдаецца работнікам рэспубліканскага ўнітарнага сэрвіснага прадпрыемства «Белтэхагляд» Міністэрства транспарту і камунікацый (УП «Белтэхагляд») па месцы правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартнага сродку.
Падатак на здачу жылля
Падатак на здачу ў арэнду жылля ў Беларусі ў 2014 годзе плануецца павялічыць на 12,7%. Канкрэтныя памеры ставак падатку за здачу ўнаём памяшканняў будуць устаноўленыя, зыходзячы з праіндэксаванага базавага ўзроўню, у залежнасці ад катэгорыі населенага пункта, у якім яно знаходзіцца.
Стаўкі для Менска ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад эканоміка-планіровачных зон. Напрыклад, з пачатку 2013 года кватэраздатчык штомесяц выплачвае ў бюджэт Br95 тыс., калі жыллё знаходзіцца ў трэцяй, чацвёртай, пятай эканоміка-планіровачнай зоне, Br110 тыс., калі жыллё знаходзіцца ў другой эканоміка-планіровачнай зоне, Br135 тыс., калі жыллё знаходзіцца ў першай эканоміка-планіровачнай зоне.
Платных дарог стала больш
Электронная сістэма спагнання платы за праезд па аўтамабільных дарогах Беларусі BelToll пашыраецца. Да нядаўняга часу платным лічыўся ўчастак трасы Менск - Магілёў ад сталіцы да 74-га кіламетра. 1 студзеня стала першым днём збірання платы за праезд па ўсёй працягласці М4.
Каб збор платы быў дарэчным, трасу адрамантавалі, прывялі ў адпаведнасць з патрабаваннямі дарог першай катэгорыі: як мінімум чатыры паласы руху - па дзве ў кожным кірунку, сустрэчныя патокі павінны быць падзеленыя, напрыклад, бар'ернай агароджай.