BE RU EN

Алег Волчак: Высокія зарплаты не ратуюць міліцыю ад недахопу кадраў

  • 9.09.2013, 16:51

Нягледзячы на тое, што міліцыянтам паднялі заробкі, мноства месцаў застаецца вакантнымі.

Такое меркаванне выказаў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву», былы следчы пракуратуры Алег Волчак, каментуючы сайту charter97.org выкарыстанне ў Баранавічах салдат тэрміновай службы ў якасці патрульна-паставых міліцыянтаў.

«Вядома ж, у цывілізаваных краінах нічога падобнага няма. Службу па ахове парадку там нясуць выключна супрацоўнікі паліцыі, а не салдаты тэрміновай службы. Для нясення такой службы чалавек павінен мець адпаведныя псіхалагічныя навыкі, а таксама ведаць законы. Салдату тэрміновай службы нельга давяраць нашэнне і прымяненне зброі, бо для гэтага патрэбна адпаведная падрыхтоўка. Проста ваенных навыкаў тут недастаткова. Таксама трэба ўмець дзейнічаць у экстранай сітуацыі, а многія салдаты - гэта хлопцы 18-19 гадоў, якія ў сваёй большасці не маюць такога досведу», - лічыць юрыст.

Праваабаронца адзначыў, што праблема заключаецца не толькі ў гэтым.

«Нягледзячы на тое, што супрацоўнікам праваахоўных органаў паднялі заробкі, мноства месцаў застаецца вакантнымі. Таму да нясення патрульна-паставой службы прыцягваюць салдат тэрміновай службы. Міліцыя губляе свой прэстыж і аўтарытэт. У праваахоўных органаў цяпер вельмі дрэнны імідж, і нават высокія зарплаты не дапамагаюць папоўніць недахоп кадраў. Палітыка беларускіх уладаў прывяла да таго, што людзі перасталі паважаць міліцыянтаў. Мы самі бачым, што беларуская міліцыя змагаецца толькі з пенсіянерамі і прадстаўнікамі апазіцыі», - падкрэсліў Алег Волчак.

Нагадаем, з 1 кастрычніка ў Баранавічах рота патрульна-паставой службы ўнутраных войскаў пачне патруляваць вуліцы горада.

Апошнія навіны