BE RU EN

ВДМУ закупляе таніраваныя аўто на Br700 мільёнаў

  • 8.09.2013, 16:17

Віцебскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт абвясціў тэндэр на закупку двух аўтамабіляў.

Гэта «Volkswagen Caravelle» за 502 775 000 рублёў і ГАЗ-2705-264 «Газэль-Бізнэс» за 180 034 000 рублёў, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Паводле дакументаў закупкі, мікрааўтобуса «Volkswagen» за 55 615 даляраў спатрэбіўся медуніверсітэту для дастаўкі вучэбна-метадычных матэрыялаў патрэбных для арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Зыходзячы з патрабаванняў да аўтамабіля гэтыя матэрыялы павінны дастаўляцца ў салоне з таніраваным шклом пад музыку якая гучыць з 8 дынамікаў аўдыёсістэмы. Такая аўтамабільная аўдыёсістэма RCD 310 усталёўваецца дадаткова і каштуе больш за 1000 даляраў, таніраванае шкла Privacy - больш за 500 даляраў.

На «Газэлі» Віцебскі медуніверсітэт, калі верыць апісанню тэндэру, збіраецца перавозіць грузы па тэрыторыі Беларусі і Расеі. Свяцілы медыцынскай навукі Віцебска палічылі, што для перавозкі грузаў па мытным саюзе досыць звычайнай аўтамагнітолы і ніякіх іншых вынаходстваў ня трэба. Гэты аўтамабіль абыйдзецца універсітэту, з чыіх сродкаў фінансуецца закупка, у 2,5 разы танней папярэдняга.

Тэндэры на закупку «Volkswagen Caravelle» былі раней абвешчаныя аблвыканкамам (за 70 000 даляраў) і Першамайскім ЖРЭТ (за 52 000 даляраў). Апошні, праўда, закупку адмяніў «праз адсутнасць неабходнасці набыцця».

Апошнія навіны