BE RU EN

Скаргу на арышт Баўмгертнера разгледзіць невыязная суддзя

  • 4.09.2013, 17:54

Скаргу на арышт гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера будзе разглядаць суддзя, якая асудзіла Мікіту Ліхавіда.

Пра гэта «Ежедневнику» паведамілі ў канцылярыі па адміністрацыйных справах суда Партызанскага раёна Менска, дзе знаходзяцца дакументы.

Падкрэсліўшы, што лёс топ-мэнэджэра расейскага прадпрыемства будзе вырашацца ў закрытым судовым пасяджэнні, супрацоўнік канцылярыі па адміністрацыйных справах суда Першамайскага раёна, куды пададзеная скарга, паведаміў: рашэнне прымуць на працягу 72 гадзін, аднак ніякай інфармацыі па тэлефоне ён агучваць не будзе.

У прыёмнай апынуліся больш дэмакратычнымі, паведаміўшы: скаргу разгледзіць суддзя Наталля Пыкіна. Нагадаем: у сакавіку 2011 года Пыкіна вынесла рашэнне па справе актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда, прысудзіўшы за «масавыя беспарадкі» да 3,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У траўні гэтага ж года імя Пыкінай апынулася ў «невыязным спісе» беларускіх чыноўнікаў, складзеным ЕЗ.

Не выключана, што да скаргі на арышт можа быць прыкладзеная просьба губернатара Пермскага краю, на тэрыторыі якога размешчаныя прадпрыемствы Уралкалію, Віктара Басаргіна і дэпутата Дзярждумы Ігара Барынава. Гэтыя дзеячы папрасілі змяніць Баўмгертнеру меру стрымання пад іх даручальніцтва.

Гендырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы 26 жніўня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск 2», вяртаючыся ў Маскву пасля перамоваў з прэм'ерам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Топ-мэнэджэру прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 324 «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі», максімальнае пакаранне па якому - 10 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. У вышук праз Інтэрпол абвешчаныя ключавыя фігуры «Уралкалію» на чале з найбуйнейшым акцыянерам прадпрыемства Сулейманам Керымавым. Па дадзеных следства, у выніку беларускаму боку быў нанесены ўрон у памеры 100 мільёнаў даляраў.

Фота: РІА «Новости»

Апошнія навіны