BE RU EN

Лукашэнка даў ордэн армянскаму алігарху

  • 4.09.2013, 17:13

Кіраўнік узнагародзіў дэпутата Нацыянальнага сходу Арменіі, кіраўніка канцэрна «Мульці Груп» Гагіка Царукяна ордэнам Дружбы народаў.

Армянскі алігарх быў узнагароджаны беларускім ордэнам «за вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных і палітычных сувязяў» паміж дзвюма краінамі.

Гагік Царукян вядомы на радзіме тым, што ўвесь час аказваецца ў перакрыжаванні скандалаў.

У лістападзе 2009 года ў інтэрнэце з'явіўся відэазапіс, на якім двух маладых львоў нацкоўваюць на асла, якога змясцілі ў клетку са львамі для пацехі публікі. Подпіс пад відэазапісам казаў, што ён зроблены ў доме Царукяна, у якім, як вядома, ёсць заапарк са львамі. Відэазапіс выклікаў скандал у Арменіі, хоць сам Царукян аспрэчваў сваё дачыненне да таго, што адбывалася. Аднак, абяцанне засудзіць журналістаў, якія падрыхтавалі сюжэт, ён так і не стрымаў.

У траўні мінулага года структуры, якія належаць алігарху, набылі ў Рызе гасцініцу з аднайменнай назвай. Сума здзелкі была ацэненая ў 60 мільёнаў еўра. Дадамо, што двума гадамі раней багацце Царукяна ацэньвалі ў паўмільярда даляраў.

Пачаткам супрацоўніцтва Гарыка Царукяна з беларускім дыктатарам можна лічыць 2010 год. 30 верасня ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтр аптовага гандлю. Тады ж алігарх выказаў сваю ўдзячнасць Лукашэнку за садзейнічанне ў развіцці сумеснага праекта.

Нагадаем, што менавіта на Ерэванскім каньячным заводзе чакае свайго часу 400-літровая бочка каньяку, запламбаваная ў гонар Колі Лукашэнкі. Гэтую бочку «заклалі» падчас візіту Лукашэнкі ў Арменію ў 2010 годзе. Хто ведае, можа тады і была закладзеная аснова партнёрства паміж армянскім алігархам і афіцыйным беларускім лідарам.

Апошнія навіны