BE RU EN

Пуцін: Расея можа падтрымаць удар па Сірыі

  • 4.09.2013, 9:49

Расея можа пагадзіцца з амерыканскай ваеннай аперацыяй супраць Сірыі, але пры двух «прынцыповых абставінах».

Уладзімір Пуцін заявіў, што гэта магчыма толькі ў рамках Рады Бяспекі ААН і толькі калі ЗША прадставяць дакладныя доказы, што менавіта сірыйскі ўрад правёў хімічную атаку пад Дамаскам. Разам з тым Масква «не збіраецца і не будзе ўвязвацца ні ў якія канфлікты». Прэзідэнт Расеі зрабіў гэтую заяву ў інтэрв'ю «Первому каналу» і агенцтву Associated Press у сваёй рэзідэнцыі ў Нова-Агарове 3 верасня.

Стэнаграма апублікаваная на афіцыйным сайце Крамля.

Уладзімір Пуцін прызнаў, што ў Масквы няма дакладных звестак аб тым, што адбылося ў прыгарадзе Дамаска 21 жніўня. Разам з тым ён паўтарыў сваё меркаванне, што ўжыванне забароненай зброі сірыйскімі ўладамі ў цяперашніх умовах, калі гэта пагражае ўжываннем сілы з боку Захаду, уяўляецца «недарэчным і не ўкладаецца ні ў якую логіку».

«Мы зыходзім з таго, што калі ў кагосьці ёсць звесткі пра тое, што хімічная зброя была ўжытая, і была ўжытая менавіта рэгулярнай арміяй, то гэтыя доказы павінны быць прадстаўленыя ў Раду Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Інспектарам і ў Раду Бяспекі. І яны павінны быць пераканаўчымі. Яны не павінны грунтавацца на нейкіх чутках, або на інфармацыі, атрыманай спецслужбамі ў выніку нейкай падслухоўкі, нейкіх размоваў і іншае, і таму падобнае. Нават у Злучаных Штатах ёсць эксперты, якія лічаць, што прадстаўленыя адміністрацыяй доказы не з'яўляюцца пераканаўчымі і не выключаюць магчымасці таго, што апазіцыя правяла загадзя запланаваную правакацыйную акцыю, спрабуючы даць сваім заступнікам нагоду для ўзброенага ўмяшання», - сказаў расейскі лідар.

На пытанне аб рэакцыі на дакладныя доказы таго, што хімічныя атакі праведзеныя ўрадам Сірыі Уладзімір Пуцін не выключыў магчымай згоды Масквы з правядзеннем ваеннай аперацыі.

«Я гэтага не выключаю. Але хачу звярнуць Вашу ўвагу на адну абсалютна прынцыповую акалічнасць. У адпаведнасці з дзеючым міжнародным правам санкцыю на прымяненне зброі ў адносінах да суверэннай дзяржавы можа даць толькі Рада Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Любыя іншыя падставы, спосабы, якія апраўдвалі б прымяненне сілы ў дачыненні да незалежнай і суверэннай дзяржавы, недапушчальныя і іх нельга кваліфікаваць інакш як агрэсію», - сказаў ён.

Пра датычнасць Башара Асада да хімічнай атакі пад Дамаскам раней заявілі прадстаўнікі выведак Германіі і Францыі. Учора стала вядома, што лідары абедзвюх палат Кангрэса ЗША падтрымалі ўдар па сірыйскім дыктатары.

Як чакаецца, Кангрэс ЗША разгледзіць рэзалюцыю прэзідэнта па Сірыі 9 верасня на сумесным пасяджэнні палат.

Раней Абама заяўляў пра неабходнасць пакараць сірыйскі рэжым «за ўжыванне хімічнай зброі супраць уласнага народа» 21 жніўня ў ваколіцах сірыйскай сталіцы. Афіцыйны Дамаск пры гэтым катэгарычна адмаўляе прымяненне ЗМЗ супраць свайго насельніцтва, заяўляючы пры гэтым, што гатовы аказаць супраціў любому патэнцыйнаму агрэсару.

Апошнія навіны