BE RU EN

Лідары абедзвюх палат Кангрэса ЗША падтрымалі ўдар па Асаду

  • 3.09.2013, 21:18

Спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Джон Бэйнэр абвясціў, што падтрымае рэзалюцыю прэзідэнта Барака Абамы, што санкцыянуе вайсковы ўдар па Сірыі.

Адначасова з гэтым ён заклікаў сваіх калег - кангрэсмэнаў рушыць услед ягонаму прыкладу і падтрымаць кіраўніка дзяржавы. На думку спікера, ЗША абавязаныя пакараць сірыйскі рэжым за ўжыванне хімічнай зброі супраць уласнага насельніцтва. Джон Бэйнэр пры гэтым адзначыў, што амерыканскі парламент павінен прадэманстраваць сваім паплечнікам у свеце, што не пакіне іх у цяжкай сітуацыі, піша Lenta.ru.

Амаль адначасова з гэтым лідарка дэмакратаў у ніжняй палаце Нэнсі Пэласі абвясціла, што таксама падтрымае прапанову Абамы аб Сірыі. З яе пункту гледжання, Кангрэс павінен дазволіць ужыванне вайсковай сілы.

У падтрымку рэзалюцыі прэзідэнта выступілі таксама лідар рэспубліканскай большасці ў Палаце прадстаўнікоў Эрык Кантар, а таксама кіраўнік камітэта абароны Сената Карл Левін.

Большасць у Палаце прадстаўнікоў цяпер знаходзіцца ў руках Рэспубліканскай партыі. Большасць сенатараў - дэмакраты, як і прэзідэнт Барак Абама.

Як чакаецца, Кангрэс ЗША разгледзіць рэзалюцыю прэзідэнта аб Сірыі 9 верасня на супольным пасяджэнні палат.

Раней Абама заяўляў аб патрэбе пакараць сірыйскі рэжым «за ўжыванне хімічнай зброі супраць уласнага народа» 21 жніўня ў ваколіцах сірыйскай сталіцы. Афіцыйны Дамаск пры гэтым катэгарычна адмаўляе ўжыванне ЗМЗ супраць свайго насельніцтва, заяўляючы пры гэтым, што гатовы даць супраціў усялякаму патэнцыйнаму агрэсару.

Апошнія навіны