BE RU EN

Аўтара роліка «Давай, до свидания!» пасадзілі на пяць гадоў

  • 27.09.2013, 16:30

Бакінскі суд па цяжкіх злачынствах прысудзіў журналіста Гілала Мамедава да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Адбываць пакаранне галоўны рэдактар газеты «Талышы Садо» будзе ў калоніі строгага рэжыму, піша мясцовы партал contact.az.

Суд прызнаў Гілала Мамедава вінаватым па ўсіх інкрымінаваных артыкулах. Яго, нагадаем, абвінавачвалі ў дзяржаўнай здрадзе, распальванні міжнацыянальнай варожасці і незаконным гандлі наркотыкамі.

Калі суддзя зачытаў прысуд, людзі, якія знаходзіліся ў зале, пачалі скандаваць праклёны ў ягоны адрас. Сам Гілал Мамедаў заявіў, што «судзіць яго можа толькі Усявышні», і што ён не мае намеру прасіць аб памілаванні. Адвакаты асуджанага ўжо заявілі пра намер падаць апеляцыю.

Журналіста абвінавацілі ў тым, што ў 1992 годзе быў завербаваны іранскімі спецслужбамі, а пазней актыўна садзейнічаў абвяшчэнню Талыш-Муганскай рэспублікі (яна была створана ў чэрвені 1993 года на тэрыторыі сямі паўднёвых раёнаў Азербайджана і фактычна спыніла сваё існаванне праз два месяцы). Гілал Мамедаў быў затрыманы паўтара гады таму. Падчас затрымання ў яго нібыта выявілі каля 33 грамаў гераіну.

Асуджаны з'яўляецца актыўным удзельнікам і адным з кіраўнікоў Талышскага нацыянальнага руху. У Расеі ён вядомы як аўтар папулярнага роліка «Давай, до свидания!», у якім паказаная мейхана - маўленчыя імправізацыі пад музыку. Героі роліка абгыгрываюць фразу «Ты кто такой? Давай, до свидания».

Апошнія навіны