BE RU EN

Мадура пагражае засудзіць Airbus за дрэнны рамонт свайго самалёта

  • 26.09.2013, 12:51

Венесуэльскі прэзідэнт Нікалас Мадура паведаміў, што рыхтуе пазоў у дачыненні да кампаніі Airbus, якая, на яго думку, дапусціла памылку пры рамонце яго самалёта.

Пра гэта ў сераду, 25 верасня, паведамляе агенцтва Reuters.

Мадура заявіў, што пабаяўся ляцець на прэзідэнцкім самалёце А319 CJ, калі яго прывезлі ў Венесуэлу пасля пяці месяцаў рамонту ў Францыі. Ён даручыў венесуэльскім тэхнікам правесці праверку апарата. Пасля 10-12 дзён інспекцыі, мясцовыя спецыялісты знайшлі «сур'ёзную няспраўнасць у крыле самалёта», піша CRE Satelital. У Airbus гэтую інфармацыю пакуль ніяк не пракаментавалі, піша Lenta.ru.

Тыднем раней, 19 верасня, амерыканскія ўлады не адразу дазволілі самалёту Мадура праляцець над тэрыторыяй краіны, калі ён збіраўся з афіцыйным візітам у Кітай. Прэзідэнт Венесуэлы адразу назваў інцыдэнт актам «агрэсіі ЗША» супраць сацыялістычнай краіны. Амерыканскія ўлады тлумачылі, што Мадура паляцеў у Кітай не на прэзідэнцкім самалёце, а лайнеры, які належыць кубінскай авіякампаніі Cubana.

Інцыдэнт з самалётам Мадура звязалі і з яго рашэннем не прымаць удзел ў Генасамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Йорку з 17 верасня. Сам венесуэльскі лідар патлумачыў сваю адмову не напружанымі адносінамі з ЗША, а тым, што даведаўся, што супраць яго рыхтаваліся нейкія правакацыі. Паводле яго слоў, у Нью-Йорку яго жыццё апынулася б у небяспецы.

Нікалас Мадура, які стаў прэзідэнтам краіны ў красавіку, працягвае весці папулісцкую рыторыку ў стылі яго папярэдніка Уга Чавеса. Мадура пастаянна абвяшчае пра раскрыццё змоваў, накіраваных супраць яго. Акрамя таго, ён нярэдка робіць антыамерыканскія заявы. Хоць дзве краіны ў 2010 годзе адклікалі сваіх амбасадараў, ЗША і Венесуэла працягваюць развіваць эканамічныя сувязі.

Апошнія навіны