BE RU EN

Савет Федэрацыі: Падстаў для зняцця імунітэту з Керымава няма

  • 2.09.2013, 17:49

Генпракуратура Расеі разбіраецца ў абвінавачваннях, вылучаных СК Беларусі Сулейману Керымаву.

Генпракуратура Расеі павінна разабрацца ў тых абвінавачаннях, якія прад'яўляюць да сенатара Сулеймана Керымава беларускія праваахоўныя органы, і пры неабходнасці, правесці сваю праверку, лічыць кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па рэгламенце Вадзім Цюльпанаў, паведамляе РІА Новости.

Пры неабходнасці, генпракуратура «можа звярнуцца з прадстаўленнем ў Савет Федэрацыі з тым, каб часткова зняць імунітэт з Керымава», для правядзення следчых дзеянняў, патлумачыў Цюльпанаў працэдурныя пытанні.

Следчы камітэт Беларусі аб'явіў саўладальніка «Уралкалію» Сулеймана Керымава ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Гендырэктар кампаніі Уладзіслаў Баўмгертнер раней ужо быў затрыманы ў рэспубліцы.

«Я не знаёмы з матэрыяламі справы, магу толькі нагадаць, што Керымаў валодае недатыкальнасцю на тэрыторыі РФ, і толькі пасля прадстаўлення генпракурора яна можа быць цалкам і часткова знятая», - сказаў сенатар. Ён лічыць, што расейская пракуратура павінна запытаць усе матэрыялы па справе Керымава ў беларускіх калег, каб цалкам разабрацца ў ёй.

«Калі генпракуратура на падставе прадстаўленых матэрыялаў палічыць, што патрэбнае дадатковае расследаванне, яна можа звярнуцца ў Савет Федэрацыі з прадстаўленнем аб частковым зняцці імунітэту з сенатара», - дадаў Цюльпанаў. У той жа час, аб наяўнасці такіх падстаў «нам пакуль не вядома», сказаў ён.

Цюльпанаў таксама нагадаў, што ў адпаведнасці з расейскай канстытуцыяй, Расея не выдае сваіх грамадзян па патрабаванні іншых дзяржаў.

Апошнія навіны