BE RU EN

Ігар Пцічкін быў збіты групай для падаўлення беспарадкаў

  • 17.09.2013, 7:43

Сталі вядомыя падрабязнасці забойства зняволенага «Валадаркі».

21-гадовы менчук Ігар Пцічкін загінуў пры нявысветленых абставінах у СІЗА №1 на Валадарскага. 12 верасня споўнілася 40 дзён з моманту яго смерці. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ. Аднак сваякі і сябры Пцічкіна лічаць, што ён памёр пасля жорсткіх збіццяў у СІЗА. У Следчым камітэце родным Ігара паведамілі, што па факце яго смерці праводзіцца праверка, перадае БелаПАН.

14 верасня сваякі і сябры Пцічкіна мелі намер правесці хвіліну маўчання каля сцен СІЗА, пакласці кветкі і запаліць свечкі. Зрабіць гэта яны не паспелі, так як былі затрыманыя міліцыяй.

Адзін з затрыманых, якога аштрафавалі на 500 тысяч рублёў судом Цэнтральнага раёна Менска, школьны сябар загінулага Аляксандр Гаўрыш так узгадвае пра Ігара Пцічкіна:

«Ігар быў чалавек памяркоўны, кантактны. Ды і целаскладу моцнага - пасля дзевяці класаў ён пайшоў у вячэрнюю школу і працаваў на трактарным. Таму сукамернікі так яго збіць не маглі (адна з версій гібелі - канфлікт з іншымі насельнікамі камеры). ...> Правапарушэнні ў яго былі звязаныя з правіламі дарожнага руху. Яму нельга было садзіцца за руль, але, паколькі ён быў, можна сказаць, народжаны кіраваць аўтамабілем, адмовіцца ад гэтага не мог.

Ён заўсёды быў добразычлівы, адэкватны чалавек, з псіхікай дакладна ўсё нармальна. Ды і, думаю, быў у курсе таго, як сябе паводзіць у ізалятары, і на ражон не палез бы. У яго ж тэрмін арышту быў усяго тры месяцы».

Што думае аб трагедыі з Ігарам Пцічкіным кіраўнік праваабарончай установы «Платформы інавейшн» Андрэй Бандарэнка, якому таксама даводзілася знаходзіцца пад следствам у менскім СІЗА №1?

«З падобным я не сутыкаўся, - адказвае праваабаронца. - І наогул для нас стала велізарным здзіўленнем, што забойства чалавека адбылося ў «Валадарцы», бо там звычайна стаўленне супрацоўнікаў адміністрацыі да асуджаных больш-менш нармальнае.

Як нам стала вядома з крыніц, блізкіх да адміністрацыі СІЗА №1, Ігар быў збіты так званым рэзервам - дзяжурнай групай для падаўлення беспарадкаў. Ігар адчуў сябе дрэнна і доўгі час спрабаваў выклікаць лекара, аднак яму адмаўлялі. Яго падтрымалі сукамернікі, і можна сказаць, што ў асобна ўзятай камеры адбыўся такі міні-бунт. Быў выкліканы нарад... Ігара вывелі з камеры і працягвалі збіваць ужо ў калідоры. Хутчэй за ўсё, гэта і з'явілася прычынай яго смерці».

Апошнія навіны