BE RU EN

МНС аб'явіла штармавое папярэджанне на панядзелак

  • 15.09.2013, 16:28

Менскае абласное ўпраўленне МНС Беларусі паведамляе аб неспрыяльнай метэаралагічнай з'яве 16 верасня.

Гаворка ідзе пра туман у начныя і ранішнія гадзіны на большай частцы тэрыторыі краіны. Акрамя таго, сіноптыкі мяркуюць, што ноччу пераважна па паўднёвым усходзе, а днём месцамі па рэспубліцы пройдуць кароткачасовыя дажджы. Такое надвор'е адпавядае памаранчаваму ўзроўню небяспекі, піша «Інтэрфакс».

«Туман уяўляе небяспеку ўсім удзельнікам дарожнага руху. Пры руху ў тумане на аўтамабілі варта адмовіцца ад лішніх перастраенняў, абгонаў, апераджэнняў. Большасць дарожна - транспартных здарэнняў ва ўмовах туману адбываецца праз транспартныя сродкі, якія рухаюцца наперадзе», - папярэджваюць у МНС.

У выпадку выяўлення густога туману кіроўцам прапануецца інфармаваць аб гэтым супрацоўнікаў міліцыі па тэлефоне.

Гідраметцэнтр у сваю чаргу паведамляе аб тым, што ў панядзелак, 16 верасня, у Беларусі чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Вецер няўстойлівы слабы. Тэмпература паветра ўначы ад 6 да 13 градусаў цяпла, днём - 14... 20° С.

У Менску ноччу 11...13, днём 15...17, воблачна.

Апошнія навіны