BE RU EN

Баўмгэртнэра вызваляць праз 2-3 тыдні?

  • 13.09.2013, 19:10

Маскоўскі адвакат паведамляе, што Керымаў прадаў акцыі «Уралкалія» у абмен на волю Баўмгэртнэра.

Сулейман Керымаў прадаў сваю дзель у кампаніі «Уралкалій» петэрбуржскаму банкіру, былому кіраўніку Дзяржбуда Уладзіміру Когану.

Пра гэта ў сваім блогу паведаміў вядомы маскоўскі адвакат Аляксандр Дабравінскі.

«Пацвярджаю яшчэ раз інфармацыю, якую я даў на мінулым тыдні наконт продажу акцый кампаніі Уралкалій. Пакупніком з'яўляецца сп.В.Коган. Угода будзе скончаная цягам бліжэйшых двух-трох тыдняў», - паведаміў адвакат.

«Сп.Баўмгэртнэр будзе адпушчаны са следчага ізалятара на працягу гэтага ж перыяду. Ён жа застанецца ў далейшым на сваёй ранейшай пасадзе. Беларуская старана цалкам задаволеная хадой падзей», - дадаў Дабравінскі, адзначыўшы, што да 20% ад сумы ўгоды ўжо аплачаныя.

Нагадаем, тыдзень таму кіраўнік маскоўскай калегіі адвакатаў «Аляксандр Дабравінскі і партнёры» Аляксандр Дабравінскі у Facebook паведаміў, што, паводле звестак «вельмі сур'ёзнай крыніцы», Керымаў прадаў буйны пакет акцый «Уралкалія» «нейкаму банкіру К. з Петэрбурга» і выказаў меркаванне, што гаворка ідзе пра Когана.

Прадстаўнік кампаніі «Нафта Масква» Сулеймана Керымава ў нядзелю зняпраўдзіў інфармацыю аб продажу бізнэсоўцам акцый «Уралкалія».

На мінулым тыдні ў Менск на просьбу Керымава лётаў уладальнік «Русснефти» Міхаіл Гуцэрыеў, у якога даўнія добрыя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам. Са слоў аднаго з іх, правадыр заявіў, што не мае намеру супрацоўнічаць з Керымавым. «Хай прадае кампанію хоць каму, я тады Баўмгэртнэра сам на сваім самалёце ў Маскву прывязу», - цытаваў Лукашэнку «Коммерсант».

Апошнія навіны