У Магілёве арт-праект Zabor разграмілі вандалы
- 13.09.2013, 14:04
Невядомыя выказалі свой пратэст супраць карцін і самой выставы - не толькі размалявалі стэнды, але і зламалі іх.
Спачатку на карцінах невядомыя мастакі пакінулі свае ініцыялы, потым магілёўскія ахоўнікі маралі зафарбавалі інтымныя месцы на некаторых працах, а цяпер карціны зусім сарвалі з плота і кінулі на зямлю, піша gorad.by.
У апошні тыдзень выставы арганізатары прымуць меры і адновяць стэнды. Арганізатары засмучаныя, бо ні ў адным горадзе Беларусі яны не сутыкаліся з такім непрыняццем выставы, як у Магілёве.
«Было прыкладзена асабліва шмат высілкаў: прыдуманы лабірынт, спецыяльна выбіраліся карціны, якія былі б блізкія і зразумелыя магілёўцам . Зараз заказваць новыя стэнды ўжо няма сэнсу, таму што на гэта сыдзе тыдзень, а выстава закрываецца 19 верасня. Стэнды, знятыя з плота, будуць зноў павешаныя. Хацелася б пагаварыць з людзьмі, якія сапсавалі выставу, каб задаць пытанне: «Навошта?!» Для мастака яго карціна - гэта як роднае дзіця. Напэўна, найбольш непрыемная гэтая сітуацыя мастакам з Магілёва», - кажа дырэктар арт-праекта Zabor Антаніна Серакова.