BE RU EN

Суд над Баўмгертнерам будзе закрытым

  • 13.09.2013, 10:41

Судовы працэс над гендырэктарам «Уралкалію» Уладзіславам Баўмгертнерам, хутчэй за ўсё, будзе закрытым.

Пра гэта паведаміў журналістам у пятніцу яго адвакат Дзмітрый Гарачка, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

«Хутчэй за ўсё, ён будзе закрытым», - сказаў Гарачка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ніякіх асаблівасцяў разгляду дадзенай крымінальнай справы не будзе, усё будзе ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі».

Закранаючы пытанне змены меры стрымання Баўмгертнеру, якую сёння абскардзяць адвакаты ў Менскім гарадскім судзе, Гарачка сказаў, што «калі скаргу не задаволяць, то мы яе будзем абскарджваць далей».

Ён таксама адзначыў, што расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да генеральнага дырэктара «Уралкалію» можа доўжыцца паўтара года.

«Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі, следства можа доўжыцца да паўтара года», - сказаў Гарачка.

Адвакат таксама паведаміў, што падчас сустрэч у СІЗА Баўмгертнер не выказвае скаргаў і прэтэнзій на ўтрыманне. Ён таксама паведаміў, што яго падабаронны «будзе дамагацца, каб да яго дапусцілі на спатканне яго маці, пакуль што гэтага дазволу не атрымана».

Гендырэктар «Уралкалію» быў затрыманы ў Менску ў канцы жніўня. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, абраўшы меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Прадметам расследавання стала гісторыя разрыву супрацоўніцтва расейскага калійнага гіганта і «Беларуськалію», на долю якіх прыпадае больш за 40% сусветных продажаў хлорыстага калію - важнага віду угнаенняў. «Дружба» паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем» спынілася ў канцы ліпеня, калі «Уралкалій» скасаваў дамову з кампаніяй па продажы ўгнаенняў БКК, якая была створаная сумесна з «Беларуськаліем», паставіўшы пад пагрозу стабільнасць экспарту беларускай кампаніі. У сувязі з гэтым рашэннем удзельнікі рынку прагназавалі зніжэнні коштаў на калійныя ўгнаенні ніжэй 300 даляраў з цяперашніх 400 даляраў за тону.

Раней гендырэктар «Беларуськалію» Валерый Кірыенка заявіў, што Беларусь вывучае магчымасць прад'явіць юрыдычныя прэтэнзіі «Уралкалію» ў сувязі з сітуацыяй з «Беларуськаліем».

Фота: ІТАР-ТАСС

Апошнія навіны