BE RU EN

Нязбытныя абяцанні

  • 9.08.2013, 19:20

Нават кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі не верыць, што на Берасцейшчыне да канца года дабудуюць 33 жылыя дамы, тэрміны ўводу якіх даўно мінулі.

На чарговым пасяджэнні рабочай групы ў праблемных пытаннях будаўнічай галіны прадстаўнікі Берасцейскага аблвыканкама адрапартавалі, што ўсе дамы, будаўніцтва якіх вядзецца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў, будзе скончанае да канца 2013 года. Акрамя таго, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі заявіў, што на кантролі ў мясцовых уладаў знаходзяцца яшчэ 69 жылых будынкаў, каб гэтыя аб'екты былі ўведзены ў эксплуатацыю згодна з графікам у гэтым годзе і не ператварыліся ў будучыні ў даўгабуды.

Аднак, паводле звестак charter97.org, многія абяцанні берасцейскіх чыноўнікаў выглядаюць як блеф. Найбольш праблемнай застаецца сітуацыя з двума дамамі, будаўніцтвам якіх спачатку займалася сумнае вядомае ТАА «Облик» (у хуткім часе ў Берасце пачнецца судовы працэс у дачыненні да генеральнага дырэктара гэтай збанкрутавалай фірмы Мікалая Клімука). Паводле версіі ўладаў, агучанай Сакоўскім, будучыя жыхары аднаго з такіх дамоў, якія аб'ядналіся ў ЖБВК «Поўдзень-62», на агульным сходзе ўжо прынялі пастанову ўнесці дадатковую плату, што дасць магчымасць прафінансаваць будоўлю. Але, як паведаміў карэспандэнту charter97.org адзін з чальцоў згаданага ЖБВК, гэты варыянт не атрымаў падтрымкі ў забудоўнікаў, і чыноўнікі аблвыканкама свядома ўводзяць у зман вышэйшае начальства.

Такім жа сумніўным з'яўляецца і заява Віктара Сакоўскага, што да іншага жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва, які створаны на базе іншага «обликовского» даўгабуду, што будуецца ў Берасці на рагу вуліцы Пушкінскай і бульвара Касманаўтаў. Маўляў, чальцы гэтага ЖБВК для патаннення кошту 1 квадратнага метра ў доме адмаўляюцца ад будаўніцтва шматузроўневай паркоўкі.

Па сутнасці справы, берасцейскія ўлады баяцца прызнацца, што пытанне з фінансаваннем даўгабудаў канчаткова не развязанае, і гэта вымушаны быў канстатаваць кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Андрэй Кабякоў, прызначаны кіраваць рабочай групай у праблемных пытаннях будаўнічай галіны. Ён выказаў сумнеў, што пры такіх ускладненнях гэтыя дамы будуць здадзеныя да канца года

Але самае цікавае: няма ніякай гарантыі, што пасля таго, як улады ўсё ж разбяруцца з цяперашнімі «праблемнымі» дамамі, што не з'явяцца новыя. Па словах старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Баско, з 57-мі жылых будынкаў, якія плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2014 годзе, рэальна працы вядуцца толькі на двух пляцоўках. «Гэта прамым чынам можа паўплываць на выкананне задання па ўводу жылля ў наступным годзе», - падкрэсліў Баско.

У адказ на выказаныя прэтэнзіі брэсцкія ўлады тлумачаць, што сем з гэтых дамоў будуць пабудаваны па прынцыпе дзяржзаказу, а будаўніцтва астатніх весці пакуль немагчыма, паколькі яны мяркуюцца для льготных катэгорый грамадзян, а крыніцы фінансавання такога жылля пакуль не вызначаны.

Апошнія навіны