BE RU EN

Варшава стане бліжэй

  • 9.08.2013, 13:02

У Брэсце ўсталююць прылады для аўтаматызаванага пераводу цягнікоў на еўрапейскую каляіну.

Пра гэта, а таксама пра «аптымізацыю» мытнага і памежнага кантролю ў Брэсце ішла гаворка на сустрэчы прадстаўнікоў беларускай і расейскай чыгунак, якая адбылася 7 жніўня, паведамляе прэс-служба БЧ.

У перамовах таксама прынялі ўдзел расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў, прадстаўнікі МЗС, памежнага і мытнага камітэтаў Беларусі.

У ходзе сустрэчы бакі абмяняліся інфармацыяй аб бягучым становішчы спраў у сферы міжнародных пасажырскіх перавозак, абмеркавалі перспектывы іх развіцця ў паведамленні Расея - краіны Заходняй Еўропы транзітам па тэрыторыі Беларусі.

Генеральны дырэктар расейскага ААТ «Федэральная пасажырская кампанія» Міхаіл Акулаў адзначыў ўдзел і дапамогу беларускіх партнёраў у рэалізацыі праектаў па запуску міжнародных цягнікоў па маршрутах Масква-Ніца і Масква-Парыж і праінфармаваў аб планах ААТ «РЖД» па ўводу у абарачэнне цягнікоў вытворчасці кампаніі «Тальго »па маршруце Масква-Берлін.

Бакі абмеркавалі сумесныя планы па аптымізацыі працэдур перасячэння цягнікамі «Тальго» беларуска-польскай мяжы і па змене тэхналогіі правядзення мытнага і памежнага кантролю з мэтай іх паскарэння. Удзельнікі перамоваў адзначылі мэтазгоднасць правядзення памежнага і мытнага кантролю ў складзе цягніка за час правядзення аперацый па рассоўванні колавых пар і пропуску цягніка на ўчастку Брэст-Цэнтральны-Парк Буг.

Апошнія навіны