BE RU EN

Невядомы напаў на бацьку збітай Наталлі Шэлег

  • 9.08.2013, 7:41

Хуліган збіў Вячаслава Шэлега каля будынку УУС Бабруйскага гарвыканкама.

Прадпрымальнік і сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» прыехаў туды для таго, каб забраць сваю жонку. Марыя Шэлег знаходзілася на допыце па справе аб выкраданні і збіцці дачкі Наталлі. Жонку прадпрымальніка выклікалі ў міжраённы аддзел Следчага камітэта, які расследуе скандальную справу. Ён знаходзіцца ў будынку УУС Бабруйска, паведамляе «Радыё Свабода».

У Марыі Шэлег другая група інваліднасці, ёй цяжка хадзіць, таму муж прыехаў за ёй і спыніў машыну каля самага будынка - на міліцэйскай паркоўцы. Менавіта там і адбыўся інцыдэнт.

«Невядомы ў шортах і майцы кінуўся на мяне з кулакамі. Пачаў біць па шкле. Пасля таго як я выйшаў з машыны, ён з крыкам напаў на мяне. Хапаў за адзенне і ламаў мне рукі. У мяне цяпер пабоі, на руках - сінякі. Я еду ў траўмапункт іх фіксаваць. Ён клікаў іншых супрацоўнікаў, каб яны мяне зацягнулі ў будынак. Ён крычаў, што з міліцыі. Потым схаваўся ў будынку ўпраўлення. Міліцыя бяздзейнічала. Пазней прыехалі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол парушэння. Так, я парушыў правілы, але толькі для таго, каб забраць жонку-інваліда», - распавядае пра тое, што адбылося, Вячаслаў Шэлег.

Дзяжурны Упраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама па тэлефоне адмовіўся размаўляць з журналістам.

На месца інцыдэнту пад'ехаў бабруйскі журналіст Зміцер Растаеў. Ён пацвердзіў, што ў Вячаслава Шэлега на руках сляды збіцця.

Апошнія навіны