BE RU EN

Суд за пікет супраць расейскіх баз

  • 8.08.2013, 16:55

Актывіста АГП Мікалая Гладышава будуць судзіць 15 верасня за пікет супраць расейскіх баз.

Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі з Магілёва Мікалая Гладышава, які 4 ліпеня правёў адзіночны пікет супраць намераў размясціць у Беларусі расейскую авіябазу, будуць судзіць 15 верасня.

Актывіст атрымаў позву, у якой пазначана, што ён павінен з'явіцца ў Ленінскі раённы суд як правапарушальнік. Паводле міліцэйскага пратаколу, Гладышаву інкрымінуюць парушэнне закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, перадае «Радыё Свабода».

Акцыю пратэсту Мікалай Гладышаў зладзіў у цэнтры горада насупраць будынка гарвыканкама. Як паказана ў пратаколе, Гладышаў, не атрымаўшы дазволу на пікетаванне, «публічна выказаў пратэст супраць размяшчэння замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». У пратаколе адзначана, што ў актывіста на пікеце быў плакат з надпісам «Не - расейскай авіябазе на беларускай зямлі».

Актывіст пойдзе на суд, але ж сябе вінаватым не лічыць.

«На беларускай зямлі павінны быць толькі базы беларускіх Узброеных сіл. Замежных не павінна быць. Гэта парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, дзе напісана, што Беларусь - нейтральная краіна», - заяўляе Мікалай Гладышаў.

Апошнія навіны