BE RU EN

Пасажыры менскага метро змогуць купляць квіткі праз SMS

  • 8.08.2013, 11:41

Пасажырам менскага метро могуць прапанаваць некалькі відаў SMS-квіткоў.

Гэта адбудзецца, калі будзе прынятае рашэнне аб укараненні сканараў на станцыях падземкі. Пакуль новае абсталяванне працуе ў рэжыме тэставання на двух станцыях - «Акадэмія навук» і «Плошча Леніна», піша «Інтэрфакс».

SMS-квіткі могуць атрымаць статус дадатковага сэрвісу, паведамляе «Транспортник столицы» са спасылкай на словы начальніка аддзела АСК і НТ КУП «Менскі метрапалітэн» Юрыя Ковеля. Калі гэта адбудзецца, то пасажыры змогуць скарыстацца некалькімі відамі SMS-квіткоў, у тым ліку і шматразовымі.

Партал нагадвае, што прынцып дзеяння сістэмы SMS-аплаты праезду наступны:

- пасажыр у зручны для яго час з мабільнага тэлефона адпраўляе паведамленне на кароткі нумар і атрымлівае адказ з лічбавым кодам;

- у вестыбюлі станцыі метро тэлефон з адкрытым SMS з лічбавай камбінацыяй падносіцца экранам да сканару ў турнікеце або размешчанаму на ім;

- як толькі паведамленне пройдзе праверку (секунда, не больш), пасажыр можа прайсці праз турнікет.

Мяркуецца, што лічбавы код для некалькіх паездак сканар зможа счытваць і з экрана тэлефона, і з папяровага носьбіта.

Распрацоўшчыкі сістэмы ў выпадку паспяховага тэставання плануюць, што ўсе аператары мабільнай сувязі прымуць удзел у аказанні новай паслугі. І дадаюць, што прапанаваную тэхналогію падтрымлівае больш за 99% існых тэлефонаў. Што тычыцца кошту паездкі, то яна будзе складацца з тарыфу на праезд і кошту SMS-паведамлення. Сума будзе спісвацца з асабовага рахунку абанента мабільнай сувязі.

Мяркуецца, што ў выпадку станоўчага выніку тэставання камерцыйная эксплуатацыя новай сістэмы можа пачацца да канца 2013 года. Колькасць SMS-сканараў у такім выпадку будзе складаць 1-2 на кожны з вестыбюляў падземных станцый.

Апошнія навіны