МЗС знайшло новага сябра ў Афрыцы
- 7.08.2013, 18:04
Беларусь збіраецца наладзіць дыпламатычныя стасункі з Каралеўствам Лесота.
Гэтую дзяржаву наведаў пасол нашай краіны ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Андрэй Молчан. Падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Лесота Томасам Табане, якая прайшла ў сталіцы каралеўства - горадзе Масэру - абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з усталяваннем дыпламатычных стасункаў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
Стораны разгледзелі таксама пытанні фармавання дамоўна-прававой базы, развіцця палітычнага дыялогу і гандлёва-эканамічных сувязяў.
Прэм'ер-міністр Лесота выказаў зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні з Беларуссю ў галіне сельскай гаспадаркі, у прыватнасці ў пастаўках беларускай сельгастэхнікі, у сферах будаўніцтва, распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Лесоце з удзелам беларускай стараны.
Андрэй Молчан таксама правёў сустрэчу з прадстаўнікамі бізнэс колаў Лесота для абмеркавання супольных праектаў у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і прамысловай кааперацыі.
Каралеўства Лесота - анклаў, цалкам аточаны тэрыторыяй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Яго плошча складае 30355 квадратных кіламетраў. Краіна з'яўляецца адной з самых маленькіх дзяржаў Афрыкі.
Нягледзячы на тое, што гісторыя незалежнага Лесота налічвае менш за 50 гадоў, у краіне ўжо адбыліся некалькі вайсковых пераваротаў і грамадзянскіх войнаў. Вялікую ролю ў арганізацыі некаторых з іх адыграў іншы хаўруснік афіцыйнага Менска - былы лівійскі дыктатар Муамар Кадафі.