BE RU EN

Мядзведзь супраць Каліноўскага

  • 7.08.2013, 16:47

Барцу не падабаецца, што дошка Кастусю Каліноўскаму з'явілася на спартыўным аб'екце, названым яго імем.

Нагадаем, памятную дошку з бюстам Кастуся Каліноўскага і яго кароткай біяграфіяй усталявалі на будынку Менскага гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па барацьбе імя Аляксандра Мядзведзя ў сярэдзіне ліпеня, перадае «Радыё Рацыя».

Дошка знаходзілася на будынку былога кінатэатра «Вільнюс» з 1988 па 1998 год, а потым скандальна знікла, адзначае прадстаўнік «Артсядзібы» Мікіта Броўка. Паводле яго слоў, Аляксандр Мядзведзь не вельмі задаволены тым, што на спартыўным аб'екце, названым яго імем, вісіць дошка Каліноўскаму:

- Праблема ў тым, што гэтым, як распавёў ахоўнік будынка, незадаволены сам Мядзведзь, у гонар якога ў прынцыпе і названы гэты Палац барацьбы. Прычым ён кажа, якое дачыненне мае Каліноўскі да барацьбы? Людзі вельмі часта не чытаюць шыльду і думаюць, што гэта або яго бацька, або дзед. Фатаграфуюцца на фоне шыльды, думаючы, што гэта нейкі сваяк Аляксандра Мядзведзя.

Са спасылкай на ўсё таго ж ахоўніка, Мікіта Броўка адзначае, што Аляксандр Мядзведзь сябруе са старшынёй Менгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам, якога паспрабуе пераканаць у неабходнасці зняць шыльду памяці Каліноўскаму з Цэнтра алімпійскага рэзерву.

Гандлёва-грамадскі цэнтр з кінатэатрам «Вільнюс» па вуліцы Каліноўскага, 55 пасля рэканструкцыі ператварыўся ў Палац барацьбы. Мала хто ведае, што ў 80-я гады мінулага стагоддзя менавіта на будынку кінатэатра «Вільнюс» усталявалі памятную дошку ў гонар Каліноўскага, якая скандальна знікла ў 1998 годзе.

Апошнія навіны