BE RU EN

Антыпуцінскі ролік паказалі на праўладным расейскім канале (Відэа)

  • 6.08.2013, 17:37

Інцыдэнт адбыўся на чэлябінскім тэлеканале «Восточный экспресс» у разгар выпуску навінаў 31 ліпеня.

Замест сюжэту пра «разумны тамограф» у эфіры паказалі кавалак дакументальнай хронікі аб падзеях у палітычным жыцці Расеі ў апошнія дзесяцігоддзі, піша NEWSru.com.

«Эпоха Пуціна - яна прынесла Расеі крытыку ўсіх міжнародных праваабарончых арганізацый. Забітыя журналісты Ганна Паліткоўская і Наталля Эстэмірава. Загінуў юрыст Сяргей Магніцкі. За кратамі апынуўся прадпрымальнік Міхаіл Хадаркоўскі. Пры Уладзіміры Уладзіміравічы свабода слова, свабода сходаў, свабода наогул - настойліва не вітаюцца. Карупцыя ў эпоху Пуціна дасягнула неверагодных маштабаў. Сёння Расея па ўзроўні хабарніцтва - у адным шэрагу з Угандай і Тога», - такім тэкстам раптам ашаламілі южнаўральскіх тэлегледачоў, заспакоеных добрымі навінамі пра рост абласнога бюджэту і магчымасці «ўсяго за 40 хвілін цалкам прасканаваць мозг» у галоўнай гарадской бальніцы.

Ролік злавеснага зместу, дзе, у прыватнасці, адзначаецца, што рэйтынг Пуціна ў самым пачатку яго вялікай палітычнай кар'еры «ўзляцеў гэтак жа імкліва, як і дамы ў Буйнакску і Маскве», транслявалі цэлых дзве хвіліны, перш чым выправілі памылку. На тэлеканале, відаць, былі ў паніцы, таму што, перапыніўшы «старонні» запіс, на нейкі час пусцілі бязгучную рэкламную заглушку, але затым выпуск навін не аднавілі. Замест гэтага прыхапкам паставілі нейкую старую перадачу - відавочна, першае, што трапілася пад руку.

Ролік уяўляе сабой нарэзку з сюжэтаў грузінскага рускамоўнага тэлеканала ПИК (Першы Інфармацыйны Каўказскі). У яго ўвайшлі часткі з дакументальнага фільма 2010 года «Расея: эпоха Пуціна», а таксама частка дададзенага сюжэту пра вяртанне Пуціна на пасаду прэзідэнта ў 2012 годзе. Як і навошта гэты ролік апынуўся ў відэатэцы тэлеканала, дружалюбнага ўладам Чэлябінскай вобласці, застаецца за кадрам.

Апошнія навіны