BE RU EN

Інтэрпол абвясціў глабальную трывогу праз масавыя ўцёкі тэрарыстаў

  • 4.08.2013, 9:27

Міжнародная арганізацыя заявіла аб глабальнай пагрозе бяспецы ў сувязі з серыяй уцёкаў з турмаў у Іраку, Лібіі і Пакістане.

У іх арганізацыі падазраюць рух «Аль-Кайда», паведамляе Agence France-Presse.

Як заявіла міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі, у выніку ўцёкаў на волі апынуліся за апошні месяц сотні тэрарыстаў ды іншых злачынцаў. Інтэрпол заклікаў краіны, якія ўваходзяць у яго, дапамагчы расследаваць гэтыя падзеі, каб вызначыць, ці былі ўцёкі звязаныя паміж сабой, і прадухіліць наступныя напады, піша Lenta.ru.

Папярэджанне агенцтва было апублікавана неўзабаве пасля таго, як ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя заявілі пра намер 4 жніўня прыпыніць працу шэрагу сваіх дыпламатычных місій дзеля пагрозы іх бяспецы.

У прыватнасці, улады Вялікабрытаніі і Францыі паведамілі пра закрыццё сваіх амбасадаў у Емэне на 4 і 5 жніўня. ЗША плануюць зачыніць 4 жніўня агулам 21 дыппрадстаўніцтва. Assosiated Press паведамляла раней, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, што гаворка ідзе пра амбасады і прадстаўніцтвы ў мусульманскіх краінах. Сваю пастанову Белы дом патлумачыў клопатам пра супрацоўнікаў і наведвальнікаў місій, не ўдакладніўшы пры гэтым, якая небяспека ім пагражае.

Акрамя таго, Дзярждэпартамэнт ЗША 2 ліпеня заклікаў грамадзян краіны да асаблівай пільнасці падчас паездак у свеце на працягу жніўня ў сувязі з інфармацыяй аб магчымым намеру «Аль-Кайды» бліжэйшым часам учыніць тэракт. Зонай падвышанай рызыкі амэрыканскае замежнапалітычнае міністэрства назвала Блізкі Ўсход і Паўночную Афрыку, у той жа час не выключыўшы небяспекі і на тэрыторыі іншых краін.

Байцы руху «Талібан» 30 ліпеня вызвалілі з турмы ў пакістанскім горадзе Дэра-Ісмаіл-Хан блізу 300 зняволеных. Раней 28 ліпеня больш за тысячу вязняў уцяклі з лібійскай турмы ў Бэнгазі. 22 ліпеня ў выніку нападу на дзве найбуйнейшыя ірацкія турмы, «Таджы» і «Абу-Грайба», на волі апынуліся блізка што 500 зняволеных, у тым ліку некалькіх высокапастаўленых лідэраў ваяўнікоў. Адказнасць за ўцёкі ўзяла на сябе «Аль-Кайда».

Апошнія навіны