BE RU EN

Расея адпраўляе ваенныя караблі да берагоў Сірыі

  • 29.08.2013, 16:00

Масква перакідае ва Усходняе Міжземнамор'е два ваенных карабля.

Пра гэта паведаміла крыніца ў расейскім Генштабе.

Становішча вакол краіны, якая раздзіраецца грамадзянскай вайной, працягвае разгарацца. Суседнія краіны - Ірак, Ізраіль і Турцыя - мабілізуюць войскі, многія дзяржавы паступова вывозяць сваіх грамадзян, інспектары ААН, якія працуюць на месцы меркаванай хіматакі, спешна згортваюць дзейнасць. Расея тым часам працягвае выказваць незадаволенасць дзеяннямі ЗША і іх партнёраў і нарошчвае групоўку ВМФ у Міжземным моры, піша «Інтэрфакс».

Карабельны склад пастаяннага аператыўнага злучэння, створаны 1 чэрвеня бягучага года, у бліжэйшыя дні будзе ўзмоцнены новымі судамі.

«Вядомая сітуацыя, якая склалася зараз ва Усходнім Міжземнамор'і, запатрабавала ад нас асобных карэктыў у складзе групоўкі ВМФ. У бліжэйшыя дні яна павінна папоўніцца вялікім супрацьлодкавым караблём Паўночнага флоту. Пазней да яе далучыцца ракетны крэйсер Чарнаморскага флоту «Масква», які зараз завяршае выкананне задач у Паўночнай Атлантыцы і хутка пачне трансатлантычны пераход у бок Гібралтарскага праліва», - сказала крыніца. Паводле яе слоў, восенню міжземнаморскую групоўку ВМФ павінен папоўніць ракетны крэйсер Ціхаакіянскага флоту «Вараг».

Зараз флагман Чарнаморскага флоту «Масква» завяршае візіт у Венесуэлу і ўжо сёння, у другой палове дня, зноў выйдзе ў мора. У прэс-службе не далі афіцыйнага каментара адносна планаў заходу карабля ў Міжземнае мора. Там заявілі, што эскадра пасля выхаду з вод Венесуэлы «працягне выкананне задач у Атлантычным акіяне».

Афіцыйна расейскае ваеннае камандаванне не пацвярджае інфармацыю пра планы па непасрэдным нарошчванні сілы ў Міжземным моры і тым больш па вядзенні баявых дзеянняў. Абнаўленне групоўкі ў Міжземным моры з'яўляецца планавай ратацыяй і не звязанае з абвастрэннем сітуацыі вакол Сірыі, паведамляе РІА «Новости».

Па словах высокапастаўленага прадстаўніка галоўнага камандавання ВМФ Расеі, пакуль невядома, якія караблі прыйдуць у Міжземнае мора на змену той групоўцы, якая там знаходзіцца зараз.

Фота: РІА Новости. Сяргей Петрасян

Апошнія навіны