BE RU EN

Маўчанне Пуціна

  • 29.08.2013, 13:26

Маўчанне Пуціна па Сірыі кажа пра тое, што ён сыходзіць ад пытання аб ваенным умяшанні.

«Расея ясна пазначыла тое, што асуджае ваеннае ўмяшанне ў сітуацыю ў Сірыі. Міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў кожны дзень папярэджвае пра рызыку эскалацыі гвалту. Віцэ-прэм'ер заявіў, што Захад абыходзіцца з ісламскім светам як «малпа з гранатай». Некалькі маргінальных каментатараў перасцерагаюць пра пачатак Трэцяй сусветнай вайны. Толькі адзін чалавек маўчыць, хоць менавіта яго голас мае найбольшае значэнне», - піша The New York Times.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін, як можна заўважыць, не каментуе публічна паведамленні пра хімічны напад на мірных грамадзян у прыгарадзе Дамаска, гаворыцца ў артыкуле.

Зрэшты, маўчанне Пуціна адлюстроўвае тое меркаванне, што Расея мала што можа зрабіць, каб спыніць ваеннае ўмяшанне, калі ЗША і іншыя краіны пачнуць дзейнічаць без адабрэння Рады бяспекі ААН, і што ён мала што страціць ад гэтага ў сябе дома, лічыць аўтар артыкула Стывен Лі Майерс.

«У Сірыі на карту пастаўлена больш, чым ўдалы прапагандысцкі ход. У той час як крытыкі абвінавачваюць Пуціна ў сляпой падтрымцы жорсткіх дзеянняў Асада, незалежна ад абставінаў, пастаянную занепакоенасць расейскага прэзідэнта выклікаюць ваеннае ўварванне і рост ісламскага экстрэмізму», - адзначае выданне.

«З яго пункту гледжання, ЗША і іх партнёры далі волю экстрэмісцкім сілам у адной краіне за другой на Блізкім Усходзе, прымушаючы да змены кіраўніцтва або прапагандуючы яе, ад Ірака і Лівіі да Егіпту і Сірыі», - піша газета.

На думку аўтара, іншы фактар у пазіцыі Пуціна - гэта агульная абыякавасць да гэтай вайны ў Расеі.

«Вядома, гэта рэчы важныя, але не галоўныя. Мы пражывем без Сірыі, пражывем без Асада. Але дазваляць камусьці казаць, што мы скачам пад дудку Вашынгтона, было б недапушчальна», - прыводзіць каментар галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносінаў Георгія Мірскага выданне.

Пераклад: Inopressa.ru

Фота: ИТАР-ТАСС

Апошнія навіны