BE RU EN

«Няхай прадаюць беларускія панчохі, шкарпэткі!»

  • 23.08.2013, 18:12

Пракаповіч мяркуе абавязковым выкананне ІП патрабаванняў тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці.

«Прадпрымальнікі ўздымаюць пытанне пра гэты тэхрэгламент, заяўляюць, што паводле яго ім немагчыма працаваць. А як можна без элементарных дакументаў прадаваць прадукцыю, што тычыцца бяспекі жыцця і здароўя чалавека? Калі яны кажуць, што так не могуць працаваць, няхай гандлююць беларускай прадукцыяй, няхай прадаюць беларускія панчохі, шкарпэткі», - заявіў Пётр Пракаповіч на пасяджэнні Рады развіцця прадпрымальніцтва, паведамляе «Інтэрфакс».

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ўрад стварыў ІП істотныя льготы і камфортныя ўмовы для пераходу на працу паводле новых правіл. Акрамя таго, прадоўжыў ён, сёння ў Беларусі атрымліваюць развіццё не рынкавыя формы гандлю, а буйныя гандлёвыя сеткі.

«Сёння не тая сітуацыя, што была 20 гадоў таму. У нас створаны буйныя гандлёвыя цэнтры, сеткі, і ў наступнай пяцігодцы колькасць гандлёвых плошчаў на душу насельніцтва будзе, як у Еўропе. Калісьці скончыцца час, што людзі будуць ісці па тавар на рынак», - сказаў Пракаповіч.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў ІП, якія сёння займаюцца гандлем на рынках, «падумаць пра тое, чым займацца далей, ісці ў іншыя сферы - у турызм, выкананне паслуг, вытворчасць».

«Кожнае аб'яднанне - гэта страта часткі незалежнасці і праца паводле агульных правіл. Гэта карысць для ўсіх, калі і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў Казахстане ёсць адзіныя правілы», - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны