BE RU EN

«Дэпутат» райсавета краў будматэрыялы

  • 23.08.2013, 11:48

Былога дэпутата Клімавіцкага райсавета Сяргея Аўхіменку аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Яго прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), піша сайт ПЦ «Вясна».

16 студзеня 2013 года супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Клімавічах Сяргея Аўхіменку, які з'яўляўся дэпутатам Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання.

У ходзе судовага пасяджэння высветлілася, што Сяргей Аўхіменко, які працаваў намеснікам кіраўніка ДУКДБП «Клімавіцкі ПМК-256», у лістападзе 2012 года даў указанне падначаленаму работнiку не ставіць на ўлік лішкі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, якія ўтварыліся пасля будаўніцтва аб'ектаў, і незаконна завалодаў маёмасцю прадпрыемства ў памеры 21 696 563 рубля.

Грамадзянін Расеі, які прадставіўся як Дзмітрый, прапанаваў купіць у Сяргея Аўхіменкі гэтыя будаўнічыя матэрыялы. Калі загрузка машыны была завершаная і перададзеныя грошы ў памеры 92 000 расейскіх рублёў, Сяргей Аўхіменка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну ў здзяйсненні злачынства і кампенсаваў нанесеную шкоду.

Улічваючы гэта і шэраг іншых змякчаючых абставінаў, суд Клімавіцкага раёна прызначыў Сяргею Аўхіменке канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых функцый, і штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Неабходна адзначыць, што прозвішча Сяргея Аўхіменкі таксама знікла са спісу дэпутатаў Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, змешчанага на сайце мясцовага райвыканкама.

Апошнія навіны