Медыцынскі бізнес Змітра Паўлічэнкі
- 2.08.2013, 15:09
Былы камандзір вайсковай часткі 3214 «аджаў» паспяховы медыцынскі цэнтр.
Скандал з рэйдарскім захопам медыцынскага цэнтра «Сёмае неба» абрастае новымі падрабязнасцямі.
Паводле інфармацыі charter97.org, непасрэдны ўдзел у працэсе «змены ўласнікаў» ТАА «Сёмае неба» прыняў кіраўнік асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС «Гонар» Зміцер Паўлічэнка, больш вядомы як верхавод «эскадрону смерці», датычнага да забойстваў палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999-2000 гадах.
8 лютага 2013 у медцэнтра з офісамі ў Менску і Гродна з'явіліся новыя ўладальнікі: 76% долі прадпрыемства дасталося Аляксандру Архіпенку і 24% - Ксеніі Гаўрашка.
Неўзабаве пасля змены ўласнікаў філіял у Гродна зачыніўся, абсталяванне вывезлі ў Менск, а работнікаў звольнілі.
Як распавёў газеце «Вечерний Гродно» (матэрыял апублікаваны 22 траўня 2013 года) былы намеснік генеральнага дырэктара ТАА «Сёмае неба» Зміцер Галуза, меў месца рэйдарскі захоп прыбытковай фірмы. «Мне і маёй сям'і пагражалі аж да фізічнай расправы. Абяцалі, што разбураць мой бізнес, нанясуць шкоду маёй дзелавой рэпутацыі і адбяруць ўсю маёмасць. Пад уплывам шоку і з-за бязвыхаднай сітуацыі мая сям'я перапісала маёмасць, а гэта 76% долі ТАА «Сёмае неба», на новых уладальнікаў», - заявіў Зміцер Галуза.
Як паведамляюць відавочцы, Зміцер Паўлічэнка не толькі паўдзельнічаў у «перамовах па продажы» медцэнтра, але і асабіста інспектаваў гродзенскі офіс і запалохваў работнікаў.
ТАА «Сёмае неба» было заснавана ў траўні 2005 года. У Гродна філіял працаваў са снежня 2011 года.