BE RU EN

Украінскія цукеркі пачаў правяраць Казахстан

  • 2.08.2013, 10:33

Праверкі якасці ўкраінскіх цукерак Roshen, увоз якіх на тэрыторыю Расеі быў забаронены рашэннем Расспажыўнагляду, пачаліся і ў Казахстане.

Пра гэта, як паведамляе мясцовае выданне CA News, заявіла галоўны эксперт санэпіднагляду краіны Марал Рахімжанава. Паводле яе слоў, калі ў цукерках будуць знойдзеныя шкодныя рэчывы, іх у Казахстане таксама забароняць. Праверка будзе доўжыцца сем дзён.

РІА Новости адзначае, што на Roshen прыпадае каля 20 адсоткаў рынка прысмакаў Казахстана.

30 ліпеня паведамлялася, што праверкі ўкраінскіх цукерак пачаліся таксама ў Малдавіі. Пра вынікі праверак нічога не паведамлялася.

Расея абвясціла пра забарону на пастаўкі з украінскіх фабрык Roshen 29 ліпеня. Па словах кіраўніка Расспажыўнагляду, у іх быў знойдзены канцераген бензапірэн. Акрамя таго, цукеркі не адпавядалі нарматывам па змесце тлушчаў і арганалептыцы. У адказ на Украіне заяўлялі, што ў Расеі няма нормаў па змесце бензапірэну ў цукерках. У Roshen таксама адзначалі, што так і не атрымалі паведамлення ад Расспажыўнагляду аб канкрэтных прэтэнзіях, піша Lenta.ru.

Ва ўрадзе Украіны, у сваю чаргу, заявілі, што правялі праверкі ўкраінскіх цукерак з дапамогай незалежных лабараторый і ніякіх шкодных рэчываў у іх не выявілі. 31 ліпеня Кіеў накіраваў у Расспажыўнагляд запыт аб тэрміновай сустрэчы для вырашэння сітуацыі.

Roshen - адна з найбуйнейшых кандытарскіх кампаній на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Яе фабрыкі знаходзяцца як на Украіне, так і ў Расеі, Літве і нават за межамі былых савецкіх рэспублік - у Венгрыі. Найбуйнейшым экспартным рынкам збыту для ўкраінцаў да забароны на пастаўкі была Расея. Газета «Коммерсантъ» са спасылкай на ўдзельнікаў рынку паведамляла, што ўсяго на экспарт Roshen адпраўляе 18 тысяч тон прысмакаў, з іх каля паловы прыходзіцца на Расею. У самой Украіне кампанія займае 26 адсоткаў рынка.

Апошнія навіны