BE RU EN

Археолагі знайшлі невядомы замак пад Карэлічамі

  • 2.08.2013, 9:27

У выяўленым замку ў Карэліцкім раёне знойдзеныя ўнікальныя кафлі з абліччам Хрыста і архангела Міхаіла.

Усяго ў 10 кіламетрах ад Міра каля вёскі Беразавец быў знойдзены яшчэ адзін, невядомы раней замак, у літаральным сэнсе схаваны пад напластаваннямі часу ад вачэй гісторыкаў. Яго знайшла экспедыцыя пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталлі Пачобут.

Яшчэ два гады таму археолаг нічога не ведала пра існаванне замка. Мінулым летам яна ў якасці метадыста па ахове помнікаў адправілася ў Карэліцкі раён з мэтай праверкі захаванасці аб'ектаў археалогіі, іх апісання, і звярнула ўвагу на гарадзішча Беразавец у Турэцкім сельсавеце. Гарадзішча вышынёй дзесяць метраў, у шырыню і ў даўжыню 45 і 95 метраў захавала рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў. Археалагічныя раскопкі на гарадзішчы раней не праводзіліся, піша «Гродненская правда».

Мясцовыя жыхары распавялі, што пасля Вялікай Айчыннай вайны вясковыя хлапчукі праводзілі на гарадзішчы ў Бярозаўцы свае «раскопкі», знаходзілі пячныя кафлі, цэглу, парцалянавы посуд, сярэбраныя лыжкі, польскія і рускія манеты. Але самае цікавае народнае паданне распавяла 90-гадовая жыхарка Бярозаўца Марыя Сянюта. Паводле яе слоў, на гарадзішчы некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся замак князя Кміты.

Археологи нашли неизвестный замок под Кореличами

Папярэдняе вывучэнне пісьмовых крыніц дало глебу для разважанняў. У гісторыі Вялікага княства Літоўскага найбольш вядомыя імёны аршанскага старасты і смаленскага ваяводы Кміты-Чарнобыльскага, Сямёна Кміты з Вільні, чые подпісы захаваліся на шматлікіх судовых дакументах 1528-1541 гадоў. Але бліжэй за ўсё да валадарстваў у Бярозаўцы апынуўся пісьменнік і кнігадрукар Пётр Бластут Кміта. У Любчы пры падтрымцы Кшыштафа Радзівіла ён заснаваў друкарню. Вядома, што з 1612 па 1629 год у любчанскай друкарні было надрукавана 52 кнігі па гісторыі, медыцыне, літаратуры, філасофіі на польскай і лацінскай мовах. Працягваў справу бацькі і Ян Кміта, пад яго кіраўніцтвам выйшлі ў свет 23 кнігі.

«Улічваючы невялікую аддаленасць Любчы ад Бярозаўца, каля 25 кіламетраў, была зробленая здагадка, што населены пункт і замак маглі належаць Пятру Кміце або яго нашчадкам», - кажа Наталля Пачобут.

Археалагічныя раскопкі, што пачаліся ў ліпені гэтага года, адразу далі добрыя вынікі і прыадчынілі заслону над загадкавым замкам Кміты.

Археологи нашли неизвестный замок под Кореличами

«Выклікае здзіўленне вялікі культурны пласт на тэрыторыі замка - звыш двух з паловай метраў! Гэта наводзіць на думку, што жыццё тут працякала інтэнсіўна і што замак мог гуляць важную ролю ў рэгіёне», - кажа археолаг.

Экспедыцыяй, у склад якой увайшлі валанцёры з Гродна і Менска, былі знойдзеныя манеты XVI стагоддзя, фрагменты посуду, маёлікавая плітка полу, аконнае шкло, фрагмент бронзавага звона, зброя і многія іншыя катэгорыі знаходак. На спецыялістаў зрабілі ўражанне багата арнаментаваныя кафлі XVI - XVII стагоддзяў, якія ўпрыгожвалі печы ў жылых парадных памяшканнях замка.

Археологи нашли неизвестный замок под Кореличами

«Падобныя, выкананыя з вялікім мастацкім густам, разнастайныя пячныя кафлі XVI стагоддзя раней не сустракаліся археолагам нават пры раскопках найбуйнейшых дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх замкаў у Гродна, Міры, Нясвіжы, - адзначае Наталля Пачобут. - На некаторых кафлях - біблейскія сюжэты».

Так, на адным з іх чытаецца аблічча Хрыста Збавіцеля, на іншым прадстаўленая Маці Божая. Адну з печаў у замку Кміты ўпрыгожвала выява архангела Міхаіла, нябеснага заступніка Навагрудка. Дарэчы, даследчыкам пашчасціла закласці выведвальны шурф на месцы жылога памяшкання. Як кажуць самі археолагі, «селі проста на печ». Удалося прасачыць канструкцыю яе падмурка, складзенага з буйных камянёў і цэглы - «пальчаткі».

Археологи нашли неизвестный замок под Кореличами
Археологи нашли неизвестный замок под Кореличами

Адну з печаў у замку Кміты ўпрыгожвала выява архангела Міхаіла, нябеснага заступніка Навагрудка

«Раскопкі паказалі, што замак перажыў тры пажары, пасля кожнага з якіх адбудоўваўся зноўку, - кажа Наталля Пачобут. - Самы вялікі пажар знішчыў замак падчас Лівонскай вайны, калі Маскоўскае царства і Вялікае княства Літоўскае і Рускае ваявалі паміж сабой за тэрыторыі ў Прыбалтыцы. У пласце пажару намі знойдзеная манета Івана IV Грознага».

Пакуль рана казаць пра тое, быў замак толькі драўляным ці меў якія-небудзь каменна-цагляныя збудаванні, умацаванні. Каб даць адказ на гэтае і дзесяткі іншых пытанняў, трэба працягваць даследаванні.

«Нават Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею, які сёння мае найбольш падрыхтаваныя навуковыя кадры сярод музеяў вобласці, спатрэбіцца не менш за дзесяць гадоў, каб правесці даследаванні замка, абапіраючыся толькі на ўласныя сродкі, - прызнае Наталля Пачобут. - Неабходнае стварэнне комплекснай экспедыцыі з прыцягненнем зацікаўленых спецыялістаў з археалагічных цэнтраў Польшчы і Літвы».

На працягу гэтага года будзе адбывацца лабараторная і навуковая апрацоўка шматлікіх матэрыялаў раскопак. У хуткай будучыні яны папоўняць фонды не толькі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, але і Карэліцкага краязнаўчага музея. Можна разлічваць, што ўжо ў наступным годзе на турыстычнай мапе Гродзенскай вобласці з'явіцца новы аб'ект - замак Кміты. Ён размешчаны побач з трасай, якая вядзе з Навагрудка ў Мірскі замак.

Апошнія навіны